Юрый Чыж вярнуў поўны кантроль над кампаніяй «Трайпл»

Ён стаў гендырэктарам фірмы, якую выратавалі ад банкруцтва.

15.08.2024 / 07:08

Юрый Чыж. Фота: Народная Воля

29 ліпеня ў Эканамічным судзе Мінска прайшло чарговае пасяджэнне паводле справы аб банкруцтве кампаніі «Трайпл». На ім антыкрызіснага кіраўніка вызвалілі ад абавязкаў. Гэта вынікае з рашэння суда, апублікаванага ў адзіным Дзяржрэестры звестак аб банкруцтве, піша «Люстэрка».

Незадоўга да гэтага, 1 ліпеня, уладальнік фірмы Юрый Чыж уступіў на пасаду гендырэктара. Пасля гэтага антыкрызісны кіраўнік перадаў яму ўсю дакументацыю і пячаткі.

Цяпер доля ў 66,5% гэтай кампаніі належыць Юрыю Чыжу, па 16,75% — Міхаілу Маміяшвілі і «Трайплу», вынікае са звестак адзінага дзяржрэгістратара юрыдычных асоб. Каб выратаваць сваю частку імперыі з трыццацігадовай гісторыяй, Чыжу прыйшлося нават судзіцца з сынамі.

17 мая ў судзе спынілі вытворчасць паводле справы аб эканамічнай неплацежаздольнасці «Трайпла». Тады агульны памер непагашаных патрабаванняў крэдытораў, уключаных у рэестр патрабаванняў даўжніка, складаў 137,3 млн рублёў. У той жа час памер актываў кампаніі ацэньваліся ў 147,2 млн, гэта значыць было вышэй даўгоў.

Nashaniva.com