Улады імітуюць перакідку войскаў на мяжу з Украінай — супольнасць чыгуначнікаў
Па даных супольнасці чыгуначнікаў, вельмі нязначная частка вайскоўцаў і тэхнікі даехала да мяжы.
13.08.2024 / 20:46
Скрын відэа Міністэрства абароны РБ з разгрузкі вайсковай тэхнікі на станцыі Козенкі
Як пішуць незалежныя чыгуначнікі, 11 жніўня каля 23:00 са станцыі Барысаў на станцыю Навабеліцкая быў адпраўлены воінскі эшалон №962 з 37 вагонаў:
- 3 пасажырскія вагоны (з асабовым саставам УС РБ);
- 3 крытыя вагоны (з рыштункам і боепрыпасамі);
- 31 вагон-платформа (з вайсковай тэхнікай).
На станцыі Навабеліцкая засталіся 28 вагонаў для разгрузкі.
Група з дзевяці вагонаў ад гэтага эшалона, у тым ліку гружаных гусенічнай тэхнікай (танкі Т-72Б), адпраўлена на станцыю Козенкі для разгрузкі: 1 пасажырскі вагон, платформы з танкамі — 8 адзінак.
Такім чынам, дадзенае перамяшчэнне нязначнага аб'ёму вайсковай тэхнікі і асабовага складу УС РБ не адпавядае значнаму ўзмацненню групоўкі войскаў на гомельскім і мазырскім кірунках. Апісаны «манеўр» па сваёй сутнасці больш адпавядае дэзынфармацыйнай або інфармацыйна-псіхалагічнай спецаперацыі (ІПСА) з боку дзейнага ў Беларусі рэжыму, пішуць чыгуначнікі.