Арыштаваны за забойства Аляксандр Ліпскі памёр

Спачатку міліцыя паведаміла, што арыштавала хлопца: ён аказаў узброены супраціў і быў шпіталізаваны. Цяпер МУС піша, што ён быў «ліквідаваны». 

13.08.2024 / 19:45

33-гадовага Аляксандра Ліпскага падазравалі ў забойстве жанчыны і шукалі 3 гады. 

Сёння міліцыянты прыехалі на яго затрыманне. Па версіі сілавікоў, падазраваны стаў адстрэльвацца ад міліцыянераў і быў паранены сустрэчным агнём.

Спачатку міліцыя расказвала, што Ліпскага шпіталізавалі, аднак цяпер з'явілася інфармацыя аб яго смерці. «Ліквідаваны» — паведаміла міліцыя.

Міліцыянт правярае пульс Ліпскага. Скрын відэа

Пра лёс яго маці нічога не паведамляецца. Раіса Ліпская тры гады хавалася разам з сынам. 

Таксама нічога не вядома пра матывы забойства, якое адбылося тры гады таму на праспекце Ракасоўскага, куды ўварваўся ўзброены Ліпскі і некалькі разоў стрэліў у 33-гадовую жанчыну. Яна загінула. Апроч таго, ён паспрабаваў забіць яе мужа, але той застаўся жывым, бо скокнуў з пятага паверха.

Nashaniva.com