Экс-дырэктара шклозавода «Нёман» судзяць за здраду дзяржаве. Пагражае да 15 гадоў
Ігар Бацян больш за 12 гадоў узначальваў шклозавод «Нёман». Пасля вызвалення з пасады ён сышоў у кіраўніцтва хакеем, а пасля апынуўся ў цені. Цяпер стала вядома, што Бацян у СІЗА, прычым артыкул — палітычны, хоць мужчына не быў заўважаны ў руху за свабодныя выбары.
14.08.2024 / 07:00
Ігар Бацян. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Ігару Бацяну 60 гадоў. Родам ён з Ліды. Пасля школы паехаў вучыцца ў Мінск у Беларускі дзяржаўны політэхнічны інстытут (цяпер — БНТУ) па спецыяльнасці «Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці».
Невядома, дзе ён працаваў у савецкі час, але ў незалежнай Беларусі кар'ера задалася. З 2000 па 2004 гады Бацян працаваў дырэктарам па маркетынгу на Лідскім піўзаводзе. А неўзабаве яго прызначылі кіраўніком шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы — горадзе ў Лідскім раёне
Ігар Бацян (злева) падчас таго, як быў дырэктарам на Лідскім піўзаводзе, 2002 год. Фота з кнігі «Гісторыя Лідскага бровара»
Праца ішла не без складанасцяў — за адсутнасць аддачы ад завода ў 2009-м Бацяна пакрытыкаваў КДК, пасля чаго на яго завялі крымінальную справу. Бацян у адказ пачаў слаць чалабітныя Лукашэнку, пад якімі змушаў падпісвацца работнікаў завода.
«Мы верныя свайму Прэзідэнту і іншага Кіраўніка нашай дзяржавы не ўяўляем», — пісалася ў звароце. Праўда, самі работнікі тады казалі «Нашай Ніве», што Бацян для іх чужы, а ўмовы працы на заводзе вельмі цяжкія.
Тэкст звароту, які змушалі падпісваць работнікаў шклозавода «Нёман». Фота «Нашай Нівы»
Тады Бацяна не пасадзілі, патрымаўшы пад падпіскай, а справа неяк замялася.
Наступны «казус» адбыўся ў 2014 годзе. Тады дзяржмедыя пісалі, што Бацян «адкажа матэрыяльна» за зрыў праекта па адкрыцці вытворчасці шклаваты на заводзе «Нёман». Праз год цэх адкрыўся, але з'явілася новая праблема — жыхары Бярозаўкі былі незадаволеныя пагаршэннем якасці паветра, адказваць зноў давялося Бацяну.
Ігар Бацян дае справаздачу перад жыхарамі Бярозаўкі і чыноўнікамі за экалагічную сітуацыю ў горадзе, 2016 год. Фота: Лідская газета
У выніку дырэктара знялі з пасады ў 2017 годзе. Бацян не разгубіўся ды адкрыў у сабе талент хакейнага менеджара — узначаліў аддзел дзіцяча-юнацкага хакея і развіцця Федэрацыі хакея Беларусі.
Бацян падчас працы ў Федэрацыі хакея Беларусі. Скрыншот з архіўнай копіі сайта арганізацыі
Імаверна, хакеем ён цікавіўся і дагэтуль — у 2016 ён гераічна абараняў айчынны хакей у каментарах выдання Tribuna.com. Пасля 2018 года Ігар Бацян знік з радараў.
Каментары Ігара Бацяна на сайце Tribuna.com
У 2020-м Бацян публічна ніяк сябе не праявіў. 16 жніўня, у дзень найбольш масавых у гісторыі сучаснай Беларусі пратэстаў, ягоны тэлеграм-акаўнт уступіў у вялікую суполку ябацек «За Беларусь!», але нічога не пісаў. Магчыма, яго туды проста запрасілі — туды закінулі некалькі тысяч функцыянераў за адзін дзень, дакладна па разнарадцы зверху.
На старонках у сацсетках Ігар Бацян публікуе іконы ды выявы святых, цытаты розных вядомых людзей мінулага, фота ды відэа з падарожжаў, песні пра веліч шматнацыянальнай Расіі. А сярод яго падпісак у асноўным расійскія медыя (з якіх на першым месцы канал «Царьград»), рэлігійныя суполкі, а таксама паблікі пра падарожжы ды прыроду. Нічога не выдае ў ім праціўніка рэжыму.
Першыя пяць падпісак Бацяна ў сацсетцы Укантакце
Бацян перастаў быць анлайн ва ўсіх сацсетках у кастрычніку 2023 года – імаверна, тады яго і затрымалі.
Суд над Бацяном пачнецца 26 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў калоніі. Акалічнасці справы невядомыя.
18-гадовага хлопца з Быхава судзяць за «здраду дзяржаве»
За буйны хабар судзяць дырэктара «Мінскрамбуда» і тылавога начальніка з Дэпартамента аховы МУС