Завялі крыміналку на блогера-рэвізора, які рабіў агляды на крамы
СК завёў крымінальную на блогера, які зрабіў агляд папулярнай крамы, за незаконны збор і распаўсюд персанальных даных. Прэс-служба ведамства паведамляе некаторыя падрабязнасці.
13.08.2024 / 17:06
Ілюстратыўны здымак. Фота: «Мінск-Навіны»
У кастрычніку мінулага года 32-гадовы жыхар сталіцы актыўна развіваў сваю блогерскую дзейнасць у Telegram і TikTok. Мужчына абраў для сябе запатрабаваны кірунак — ён рабіў кантэнт пра розныя харчовыя крамы і паказваў аўдыторыі, як супрацоўнікі гандлю нядобрасумленна ставяцца да сваёй працы.
«Асноўнай мэтай фігуранта было знайсці пратэрмінаваны тавар, парушаную цэласнасць упакоўкі прадукту або закаціць скандал з нагоды недастаткова «чыстай» гандлёвай зоны», — піша СК.
Для здымкі чарговага сюжэту блогер прыйшоў у прадуктовую краму адной вядомай сеткі.
Што выклікала абурэнне блогера, СК не паведамляе. Ведамства піша толькі, што блогер «стаў паводзіць сябе задзірліва: ён прыцягваў залішнюю ўвагу наведвальнікаў, адцягваў супрацоўнікаў ад працы».
Калі да мінчука падышла 40-гадовая аператар гандлёвага пункта і паспрабавала даведацца, што адбылося, «пакрыўджаны пакупнік стаў здымаць дыялог з супрацоўнікам на свой мабільны тэлефон. Жанчына спакойна патлумачыла, што не дае згоду на відэаздымкі і размяшчэнне матэрыялу са сваім удзелам у інтэрнэце».
Пасля высвятлення адносін мужчына пакінуў гандлёвае памяшканне і апублікаваў відэа на сваіх старонках у сацыяльных сетках, піша СК.
Пра сутнасць канфлікту нічога невядома, але, імаверна, паводзіны прадавачкі выклікалі абурэнне ў гледачоў. Бо «аператар крамы ў імгненне набыла нежаданую ўвагу да сваёй персоны: ролік з яе ўдзелам знаходзіўся ў топе прагляданых відэа. Жанчына сутыкнулася з абразамі ад незнаёмых мінакоў. Акрамя таго, 11-гадовая дачка мінчанкі падвергнулася булінгу ў школе ад сваіх аднагодкаў. Падлеткі абзывалі маму дзяўчынкі, паказваючы непрыемны пост».
Жанчына звярнулася ў міліцыю.
СК распачаў справу па ч. 3 арт. 2031 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных, здзейсненыя ў дачыненні да асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёю службовай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Да блогера ўжытая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Цяпер крымінальная справа знаходзіцца ў судзе Цэнтральнага раёна.
Якія менавіта звесткі з крамы распаўсюдзіў блогер, не паведамляецца.