«Чарговы ўнучок дарваўся да спадчыны». Дабітую кватэру ў Мінску здаюць у арэнду за вялікія грошы

«Рэтра-аднушку» на Гамарніка ўласнік нават не прыбраў перад тым, як сфатаграфаваць. Затое цану паставіў немалую.

13.08.2024 / 22:46

Скрыншот відэа ў тыктоку

Тыктокер пад нікам minsk_kv падзяліўся фотаздымкамі арэнднай кватэры, якую знайшоў на «Куфары». «Чарговы ўнучок дарваўся да спадчыны», — падпісаў ён ролік.

«Рэтра-аднушкай» кватэру называлі самыя тактоўныя з каментатараў. Бо насамрэч яе сцены даўно не бачылі рамонту, а савецкая мэбля, здаецца, вось-вось разваліцца на часткі. Адмысловы шарм апартаментам дадаюць гаспадарскія рэчы, раскіданыя паўсюль, а таксама вельмі брудны ўнітаз.

@minsk_kv

Очередной внучок дорвался до наследства

♬ оригинальный звук - Саёра Ни

Уласнік планаваў здаваць такую кватэру ў арэнду за 1000 рублёў (каля 320 даляраў) на месяц.

Прапанова так абурыла блогера, што ён пацікавіўся ў арэндадаўцы: «Гэта вы будзеце плаціць 1000 рублёў, каб тут жылі людзі?»

Як аўтар роліку потым удакладніў у каментарыях, адказ на пытанне ён не атрымаў. Уласнік кватэры ў хуткім часе выдаліў сваю аб'яву — ці знайшоў непераборлівага арандатара з грашыма, ці рашыў спачатку зрабіць рамонт (ці хаця б прыбрацца).

Відэа набрала каля 385 тысяч праглядаў і 11 тысяч лайкаў. Каментатары жартавалі, што ўласнік забыў пазначыць у апісанні, што не пусціць у свой палац людзей з дзецьмі ці хатнімі гадаванцамі. «Што вам не падабаецца? Вінтаж жа», — напісаў яшчэ адзін карыстальнік тыктоку.

Нехта падзяліўся сваім болем: «Цяпер з бацькамі шукаем мне кватэру на час вучобы. Дык цэны цяпер ад 300 даляраў з жудасным рамонтам, часцяком наогул пустыя, і плюс у раёне без метро», «І за такую цану менавіта такія кватэры. Хочаш нармальна — будзе ў 2 разы даражэй».

Былі і тыя, хто заступіўся за ўласніка і напісаў, што той мае права здаваць нерухомасць за той кошт, які хоча, а незадаволеным трэба ці шукаць іншы варыянт, ці набыць сваю кватэру.

«Я б лепш спытаў, на што разлічваюць людзі, якія прыязджаюць у Мінск: вы хочаце за 350 даляраў кватэру з нармальным дызайнам? Можа, яшчэ і трохпакаёўку? Толькі нармальныя аднапакаёўкі за такія грошы, астатняе даражэйшае на парадак», — абурыўся адзін з каментатараў.

З’явіліся і прапановы скласці петыцыю, каб кошт арэнды жылля пачалі рэгуляваць, як цэны на некаторыя тавары ў крамах.

Цана за квадратны метр у Мінску — рэкордная за апошнія 9 гадоў 

Падаткі на кватэру, зямлю, аўто — для ўсяго цяпер адзіны маёмасны плацеж. Вось што трэба ведаць

Якія кватэры і па якіх цэнах цяпер прадаюць у Новай Баравой?

«Ау! Куды вы зніклі?» Як мінчанка перайграла кватэрных аферыстаў

Nashaniva.com