З памежнага Краснаяружскага раёна Белгарадскай вобласці выехала амаль усё насельніцтва
Адтуль выехалі больш за 11 тысяч чалавек.
13.08.2024 / 07:37
Maps.google.com
Губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў раніцай аўторка пацвердзіў паведамленні, што з прымежнага Краснаяружскага раёна выехала амаль усё насельніцтва, піша Бі-бі-сі.
Гладкоў паведаміў, што з Краснаяружскага раёна выехалі больш за 11 тысяч чалавек. Па выніках перапісу 2021 года колькасць насельніцтва раёна складала крыху больш за 14 тысяч.
Пра эвакуацыю жыхароў раёна ў сувязі з дзеяннямі ўкраінскай арміі на мяжы Гладкоў абвясціў у панядзелак раніцай. Пазней у той жа дзень улады закрылі ўезд у раён.
Да гэтага паступалі паведамленні пра атаку ўкраінскага падраздзялення на размешчаны ў раёне памежны пункт Калацілаўка. Да пачатку аперацыі УСУ ў гэтым рэгіёне пераход Калацілаўка — Пакроўка быў адзіным дзеючым пунктам пераходу расійска-ўкраінскай мяжы.
Краснаяружскі раён размешчаны на паўночным захадзе Белгарадскай вобласці, паблізу тых раёнаў Курскай вобласці, куды на мінулым тыдні ўвайшлі часткі ўкраінскай арміі.