Зяленскі: Пуцін пачаў з катастрофы «Курска», і Курск з’яўляецца яго фіналам

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі апублікаваў вечаровы зварот, у якім ён выказаўся пра аперацыю УСУ ў Курскай вобласці. У ім ён прывёў паралелі паміж двума рознымі Курскамі і лёсам Пуціна.

12.08.2024 / 20:31

«Мы бачым, як Расея ў часы Пуціна насамрэч рухаецца: 24 гады таму была катастрофа «Курска» — сімвалічны пачатак ягонага кіравання. А цяпер відаць, што з'яўляецца фіналам для яго. І таксама Курск. Катастрофа яго вайны. 

Так заўсёды бывае з тымі, хто пагарджае людзямі і любымі правіламі. Расея прынесла вайну іншым — цяпер гэта вяртаецца дадому. 

Украіна заўсёды хацела толькі міру, і мы абавязкова мір забяспечым», — сказаў Зяленскі. 

12 жніўня 2000 года — роўна 24 гады таму — падчас вучэнняў у Баранцавым моры затанула атамная падводная лодка «Курск». Загінулі ўсе 118 чалавек, якія знаходзіліся на борце. Па афіцыйнай версіі, катастрофа адбылася з-за выбуху баявой часткі тарпеды і наступнай дэтанацыі боезапасу.

Праз месяц у інтэрв'ю вядучаму CNN Лары Кінгу на пытанне «Раскажыце нам, што здарылася з расійскай падлодкай?» Пуцін адказаў: «Яна патанула», чым шакаваў увесь свет.

Nashaniva.com