У Бабруйску злавілі злодзеяў-дамушнікаў з Расіі. Яны выпадкова зайшлі не ў тыя дзверы
Гастралёры паспелі абакрасці некалькі кватэр, але затым пракалоліся.
12.08.2024 / 18:15
Скрыншот відэа: МУС
У міліцыю з пачатку жніўня звярнуліся некалькі жыхароў Бабруйска — усе яны сталі ахвярамі кватэрных злодзеяў. Злачынствы зламыснікі ўчынялі ў адсутнасць гаспадароў кватэр.
У адзін дзень у міліцыю патэлефанавала пенсіянерка, якая паведаміла: сярод белага дня да яе дадому заявіліся невядомыя. Убачыўшы, што гаспадыня кватэры дома, мужчыны сказалі, што памыліліся адрасам, і пайшлі.
Сілавікі неўзабаве затрымалі падазраваных – імі апынуліся жыхары Падмаскоўя 45 і 47 гадоў. Яны прыехалі ў Бабруйск у канцы ліпеня, арандавалі кватэру. Па горадзе перасоўваліся на машыне, выбіралі прыдатнае для ўзлому жыллё і пранікалі туды, калі дома нікога не было. Кватэры мужчыны ўскрывалі з дапамогай адмычак.
Аднак на гэты раз злодзеі пракалоліся — яны ўзламалі кватэру, калі гаспадыня знаходзілася дома.
У здымным жыллі расейцаў міліцыянты знайшлі выкрадзеныя рэчы — за тры дні злодзеі пабывалі ў чатырох кватэрах. СК узбудзіў крымінальную справу за крадзеж. Па аналагічных артыкулах мужчыны ўжо былі судзімыя на радзіме.