ЗША прапануюць Мадура адмовіцца ад улады ў Венесуэле ў абмен на гарантыі бяспекі
ЗША робяць спробы прымусіць прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура адмовіцца ад улады ў абмен на амністыю, піша «Медуза» са спасылкаю на The Wall Street Journal.
11.08.2024 / 19:33
Нікалас Мадура. Фота: AP Photo / Matías Delacroix
Суразмоўцы выдання распавялі, што ў адміністрацыі Байдэна абмяркоўваюць пытанне аб памілаванні Мадура і яго памочнікаў, якіх Мінюст ЗША абвінавачвае ва ўдзеле ў наркатрафіку і ў пастаўках какаіну ў краіну.
Па словах адной з крыніц WSJ, Вашынгтон «выклаў на стол усё», каб пераканаць Мадура сысці да заканчэння яго тэрміну ў студзені. Іншы суразмоўца выдання кажа, што ЗША будуць гатовыя даць гарантыі не пераследваць Мадура і яго памочнікаў з мэтай экстрадыцыі.
У 2020 годзе ЗША аб'явілі ўзнагароду ў памеры 15 мільёнаў долараў за інфармацыю, якая прывядзе да арышту і асуджэння самога Мадура, і яшчэ 10 і пяць мільёнаў за інфармацыю аб яго хаўрусніках. Іх абвінавацілі ў наркатэрарыстычнай змове і ў змове з мэтай увозу какаіну ў ЗША.
ЗША ўжо прапаноўвалі Мадура амністыю падчас сакрэтных перамоваў у горадзе Доха ў 2023 годзе, але ён адмовіўся абмяркоўваць умовы, на якіх мог бы пакінуць сваю пасаду, распавялі крыніцы WSJ. Адзін з суразмоўцаў выдання, блізкі да рэжыму ў Венесуэле, сказаў, што пазіцыя Мадура з таго часу не змянілася.
Сам Мадура сцвярджае, што адкрыты для перамоваў, калі Вашынгтон праявіць да яго павагу. У астатнім, як ён заявіў на сваёй прэс-канферэнцыі 9 жніўня, ён просіць ЗША «не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Венесуэлы».
Як адзначае The Wall Street Journal, перамога Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША можа сарваць перамовы з Мадура, калі Трамп адновіць сваю агрэсіўную палітыку ў дачыненні да Венесуэлы, якая заключалася ў тым, што яго адміністрацыя адмяніла нафтавыя санкцыі і падтрымала ценявы ўрад краіны з мэтай звяржэння рэжыму.
29 ліпеня Нацыянальная выбарчая рада Венесуэлы абвясціла, што прэзідэнцкія выбары ў краіне выйграў дзейны кіраўнік краіны Нікалас Мадура з 51,2% галасоў. Кандыдат ад апазіцыі, 74-гадовы Эдмунда Гансалес, атрымаў, паводле падлікаў рады, 44,2% галасоў.
Апазіцыя з вынікамі не пагадзілася. Сабраныя ёй даныя паказалі, што Гансалес выйграў амаль 38 працэнтных пунктаў, набраўшы 7,3 мільёна галасоў супраць 3,3 мільёна галасоў у Мадура.
Пасля абвяшчэння вынікаў выбараў у Каракасе і іншых гарадах Венесуэлы пачаліся пратэсты. Паліцыя і вайскоўцы прымянілі супраць пратэстуючых слёзацечны газ і гумовыя кулі. Па даных Reuters, падчас дэманстрацый загінулі не менш за два чалавекі. Мадура заявіў, што ў Венесуэле «зноў робіцца спроба здзейсніць дзяржаўны пераварот фашысцкага і контррэвалюцыйнага характару».
ЕС не прызнае перавыбранне Мадуры прэзідэнтам Венесуэлы
МЗС Венесуэлы вырашыла адклікаць паслоў з краін, якія раскрытыкавалі агучаныя вынікі выбараў
Лукашэнка паспяшаў павіншаваць Мадуру з перамогай на выбарах прэзідэнта Венесуэлы