«Пасля матча паехалі з хлопцамі на дачу». Англійскі тыктокер, якога прымаў Кубракоў, згуляў у другой футбольнай лізе Беларусі

Тыктокер Уіл Эгертан, які жыве ў Беларусі і здымае ролікі пра яе, стаў футбалістам рагачоўскага «Дняпра» і ўзяў удзел у матчы супраць «Веткі». Гэта быў першы раз у жыцці, калі ён гуляў у футбол.

11.08.2024 / 10:12

Матч скончыўся з лікам 12:1 на карысць рагачоўскай каманды. Эгертан выйшаў на поле на 67-й хвіліне, калі на табло былі лічбы 9:0. І нават мог забіць мяч. 

Фота: ФК «Дняпро-Рагачоў»

«У мяне маса уражанняў, дагэтуль перапаўняюць станоўчыя эмоцыі. Я згуляў усяго 20 хвілін у канцы матча, але я люблю бегаць і нават ледзь не забіў гол! Але, на жаль, не патрапіў», — так англічанін пракаментаваў свой дэбют выданню Bet News.

Эгертан прызнаўся, што гэта быў ягоны першы досвед гульні ў футбол, бо раней ён займаўся толькі рэгбі. Легіянер расказаў, што яго добра прынялі ў камандзе, на стадыёне з ім сфатаграфаваліся больш за 200 чалавек, а пасля перамогі ўсе футбалісты паехалі тусавацца на дачу за Рагачоў. 

Некалькі тыдняў таму Уіл Эгертан запісаў зварот да міністра унутраных спраў Беларусі Івана Кубракова з просьбай працягнуць яму тэрмін знаходжання ў краіне. Пасля гэтага блогера запрасілі ў МУС, дзе Кубракоў асабіста прыняў яго ў сваім кабінеце. У выніку Эгертану дазволілі знаходзіцца ў Беларусі да сярэдзіны верасня.

Эгертан і Кубракоў. Скрыншот відэа МУС

Nashaniva.com