Турарбекава рэзка адказала на крытыку ў адрас Рымашэўскага
У новым выпуску ТОКу палітолаг Роза Турарбекава патлумачыла, чаму пачала супрацоўнічаць з Віталём Рымашэўскім, і выказалася адносна прэтэнзій Зянона Пазняка да Святланы Ціханоўскай.
12.08.2024 / 08:00
Віталь Рымашэўскі. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
На заўвагу аб тым, што ў Рымашэўскага ў дэмакратычным асяроддзі даволі спрэчная рэпутацыя, Роза Турарбекава адзначыла, што ведае аб гэтым. Але згадала, што Рымашэўскі быў адным з нешматлікіх людзей, хто падтрымаў яе сям'ю і дапамог пасля пераезду за мяжу, у тым ліку са стварэннем Беларускай асацыяцыі адукацыі і навукі.
«Калі вы чуеце меркаванне аб чалавеку — гэта адно. А калі вы бачыце і атрымліваеце дапамогу ад гэтага чалавека — гэта зусім іншае. Магчыма, нешта ў кагосьці і было некалі. Я гэтага не адмаўляю. Але я заўсёды складаю меркаванне аб людзях сама.
Мяне складана бывае ўпэўніць, калі няма доказаў. А іх прадстаўлена не было. Калі ласка, задакументаваныя факты на стол. Гэта вельмі важны момант. Бо гэта ў прынцыпе пытанне аб негатывізме ў беларускім палітычным асяроддзі», — адзначае Турарбекава.
Яна звяртае ўвагу на важнасць для беларускіх дэмакратычных сілаў інстытуту рэпутацыі і інстытуту адказнасці:
«Шмат рэчаў апраўданыя, але шмат і неапраўданых. Булінг, складанне нейкага негатыўнага іміджу… Калі вы робіце такія заявы, асабліва публічна, то павінны адказваць за гэта, даказваць, што гэта сапраўды так, а не проста плёткі. І вось гэта самае страшнае, што я ўбачыла», —
адзначае Турарбекава і прыводзіць ў прыклад абвінавачванне з боку Зянона Пазняка ў бок Святланы Ціханоўскай у тым, што яна — «агентура».
«Гэтай заявы дастаткова для таго, каб паверыць у тое, што яна агентура?» — задае пытанне Турарбекава і заўважае, што «праблема нашай палітычнай культуры заключаецца якраз у тым, што мы не цэнім людзей і не паважаем чалавека».
Пазняк патлумачыў, чаму не ўзначаліў пратэсты ў 2020-м: Масква кінула б велізарнейшую сілу
Роза Турарбекава патлумачыла, чаму пайшла з Каардынацыйнай рады