Лукашэнка змякчае антынаркатычнае заканадаўства. Колькі чалавек выйдзе на свабоду?
Папярэдняя лібералізацыя антынаркатычнага заканадаўства адбывалася ў 2019-м. Тады вызваліліся сотні людзей, магчыма, каля 1000. «Наша Ніва» разабралася, ці будуць цяпер пераглядаць справы асуджаных па наркатычных артыкулах і колькі з іх могуць выйсці на волю.
10.08.2024 / 18:41
Каноплі. Фота УУС Гомельскага аблвыканкама
Як караюць за наркотыкі цяпер?
Па звестках ініцыятывы Legalize Belarus, у апошнія гады ў Беларусі штогод выносяць ад 2 да 3 тысячаў прысудаў па антынаркатычных артыкулах КК.
З 2016-га, калі стала даступная статыстыка па артыкуле 328, па ім асудзілі 19307 чалавек. З іх 67% — спажыўцы наркотыкаў (ч. 1 арт. 328), а 29% распаўсюджвалі іх з мэтай зарабіць (ч. 3, ч. 4 і ч. 5 арт. 328).
Што зменіцца ў антынаркатычным заканадаўстве?
Адміністрацыя Лукашэнкі перадала ў парламент законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». Ён прадугледжвае шмат змяненняў, але самыя значныя тычацца антынаркатычных артыкулаў.
Прапанаваныя новаўвядзенні:
- па 1-й частцы артыкула 328 можна будзе атрымаць арышт тэрмінам тры месяцы (цяпер прадугледжваецца да пяці гадоў «хіміі» або ад двух да пяці гадоў калоніі).
- Па 2-й частцы артыкула за «разавыя выпадкі збыту наркотыкаў», па якой звычайна судзяць тых, хто проста падзяліўся наркотыкамі з сябрамі, можна будзе атрымаць хімію (цяпер — ад трох да васьмі гадоў калоніі).
- па 4-й частцы, «продаж наркотыкаў арганізаванай групай», ніжні парог пакарання зніжаецца з 10 да 8 гадоў.
Тэарэтычна ў парламенце могуць пасля абмеркавання скарэктаваць дакумент. Але з улікам таго, што дэпутаты ў рэальнасці былі прызначаныя на свае пасады пасля ўзгаднення з Адміністрацыяй Лукашэнкі, было б дзіўна чакаць ад іх нейкага пярэчання.
Ці будуць пераглядаць старыя прысуды?
Мы запыталіся ў былой адвакаткі, а цяпер юрысткі Free Belarus Center Альвіны Мінгазавай пра тое, ці будзе датычыцца палёгка тым, хто ўжо за кратамі:
«Калі санкцыя артыкула змяншаецца, то прысуды могуць быць перагледжаныя. І такая практыка ўжо была ў Беларусі ў 2019 годзе.
Тады былі зніжаныя ніжнія парогі па частках 2 і 3 артыкулу 328. І пасля гэтага прысуды пераглядаліся.
Напрыклад, калі па частцы 2 асуджанаму прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі, то пасля перагляду тэрмін зніжаўся да трох. Перагляд рабіў суд, які ў свой час выносіў прысуд, або суд па месцы адбыцця пакарання — па заяве асуджанага, ці дакладзе органа, які кіруе выкананнем пакарання, ці назіральнай камісіі.
У тот перыяд у калоніях адміністрацыя масава давала падпісваць заявы на перагляд, якія пасля накіроўваліся ў суды. Магчыма, ідэнтычны парадак будзе і гэтым разам».
Тэрміны знізяць усім асуджаным па ч.4 артыкула 328?
Пакуль незразумела. У аналагічнай сітуацыі ў 2019 годзе тэрміны пераглядалі амаль усім. Большасці тэрмін змяншаўся на два гады.
«У жаночай калоніі знізілі ўсім, у мужчынскіх — амаль усім. Але некаторым знізілі не на два гады, а на год ці паўтара. Апошняе слова за судом, і чаму прымалася тое ці іншая рашэнне, незразумела», — расказвае былая зняволеная, якая бачыла працэс на ўласныя вочы.
Якой колькасці людзей могуць пераглядзець прысуды?
Цяжка сказаць, але можна паспрабаваць падлічыць.
З 2016 па 2024 гады каля 9000 чалавек асудзілі да пазбаўлення волі па артыкуле 328. Частка з іх ужо выйшла, але за кратамі амаль усе з 1500 асуджаных па 4 частцы артыкула. Прычым бум крымінальных спраў па «распаўсюдзе арганізаванай групай» адбыўся ў 2022-2023 гадах, калі асудзілі каля 1000 чалавек. Нават калі ім і скінуць па 2 гады, то на волю яны не выйдуць, бо адседзелі занадта мала.
Таму гаворка, імаверна, пойдзе пра вызваленне некалькіх дзясяткаў людзей, якія былі асуджаныя даўно — яшчэ ў сярэдзіне 2010-х.
Стартапер вярнуўся з Дубая. Цяпер у яго два палітычныя артыкулы і адзін наркатычны
16-гадовай дзяўчыне прысудзілі 10 гадоў калоніі за наркотыкі і надпісы