Лукашэнка заявіў пра знішчэнне паветраных цэляў з Украіны над тэрыторыяй Беларусі

Маўляў, адбылося гэта ўчора.

10.08.2024 / 11:48

«Учора ў 18:10 хвілін сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі былі пераведзеныя ў павышаную баявую гатоўнасць. Гатоўнасць №1 у нас называецца. Дзяжурныя сілы супрацьпаветранай абароны. Справа ў тым, што (мы падазраём, што гэта не ў першы раз) Узброеныя сілы Украіны парушылі ўсякія правілы паводзін і парушылі паветраную прастору Рэспублікі Беларусь. На ўсходнім напрамку, зусім побач ад нас у раёне Касцюковіцкага раёна», — распавёў сёння Лукашэнка.

Таму сілы СПА былі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць на перахоп цэляў. Іх было каля дзясятка. Вылецелі самалёты, верталёт. І таксама сродкі РСЗА былі пераведзеныя ў павышаную баявую гатоўнасць.

«У 19 гадзін 4 хвіліны на вышыні паўтара кіламетра і далёкасці 6,5 км сіламі супрацьпаветранай абароны было знішчана некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі. Ноччу і сёння з раніцы адбываецца пошук, што было знішчана. Мы падазраём, што гэта ўдарныя беспілотнікі. Парушыўшы паветраную прастору Беларусі, ляцелі з Украіны. Над тэрыторыяй Беларусі мы знішчылі цэлі. Астатнія былі перададзеныя (у нас адзінае СПА з Расіяй) Расійскай Федэрацыі», — дадаў Лукашэнка.

Лукашэнка расказаў, што Міністэрству абароны, Генеральнаму штабу дадзены даручэнні правесці адпаведныя мерапрыемствы для таго, «каб надзейна гарантаваць бяспеку дзяржавы».

«Навошта гэта Украіне, я не разумею. Нам трэба разабрацца. Але мы, як я казаў, выразна вызначаліся з імі і давялі да іх гэтую інфармацыю, што без адказу любыя правакацыі не застануцца», — сказаў ён.

«Непрыемна тое, што ўкраінцы, як я вас і папярэджваў шмат разоў, гэтым самым паказваюць, што ні да якога міру яны не гатовыя і працягваюць эскалацыю гэтай напружанасці. Два дні таму атака на Курскім напрамку, дзе яны прасунуліся на некалькі дзясяткаў кіламетраў — 30-35 ужо сёння. Абкопваюцца там. Ну і вось гэтая правакацыя з мэтай удараў па Расійскай Федэрацыі», — заявіў ён.

«Гэта лішні раз кажа пра тое, мужыкі, што нам трэба тут на зямлі працаваць не пакладаючы рук і даваць адпаведныя вынікі для таго, каб пазбегнуць таго, што адбываецца сёння ва Украіне», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Nashaniva.com