Расійскі алігарх Дзерыпаска назваў вайну супраць Украіны вар'яцтвам і заклікаў да неадкладнага спынення агню
Блізкі да Уладзіміра Пуціна прадпрымальнік, які паехаў прадстаўляць Расію на мерапрыемства ў рамках Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва, раскрытыкаваў вайну ў інтэрв'ю японскай прэсе.
09.08.2024 / 00:19
Фота: Wikimedia Commons
Расійскі алігарх Алег Дзерыпаска выказаўся за хутчэйшае завяршэнне вайны супраць Украіны.
Дзерыпаска прыехаў прадстаўляць Расію на пасяджэнні Дзелавога кансультатыўнага савета АТЭС у Токіа, піша Nikkei.
Выданне называе Дзерыпаску «адным з самых любімых алігархаў Пуціна». Пры гэтым прадпрымальнік у інтэрв'ю японскім журналістам назваў вайну супраць Украіны вар'яцтвам.
«Калі вы хочаце спыніць вайну, спачатку трэба спыніць агонь», — сказаў ён, заклікаўшы да «неадкладнага і безумоўнага спынення агню» ва Украіне.
Дзерыпаска не стаў каментаваць сваю блізкасць да Пуціна. Ён заявіў, што ў ягоных стасунках з Крамлём зменаў няма: «Яны [Крэмль] мяне не чапаюць, мы не чапаем палітыку».
Дзерыпаска з'яўляецца заснавальнікам расійскага гіганта па вытворчасці алюмінія «Русал» і яго мацярынскай энергетычнай кампаніі En+ Group, а таксама заснавальнікам «Базавага элемента», аднаго з найбуйнейшых прамысловых кангламератаў Расіі. Паводле даных Forbes, ягоны маёмасны стан складае амаль 3 млрд даляраў.
Алігарх з 2018 года знаходзіцца пад санкцыямі ЗША праз блізкасць да Крамля, пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Дзерыпаска трапіў пад санкцыі Еўрасаюза, Вялікабрытаніі і Аўстраліі.
Дзерыпаска крытыкаваў вайну ў 2022 годзе, у інтэрв'ю Financial Times у 2023-м ён заклікаў «абодва бакі да завяршэння канфлікту».
Былы агент ФБР прызнаўся ў судзе, што працаваў на расійскага алігарха
Расійскі мільярдэр: Грошы ў Расіі скончацца ў наступным годзе
Кампанія «Русал» першай з буйных расійскіх кампаній заклікала расследаваць забойствы ў Бучы