Дэпутат нямецкай ультраправай партыі некалькі разоў таемна сустракаўся з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі

Як паведамляе выданне Welt, гаворка ідзе пра дэпутата парламента Саксоніі ад праварадыкальнай «Альтэрнатывы для Германіі» («АдГ») Ёрга Дорнаў. У яго нядаўна выкрылі сакрэтны бізнэс у Беларусі.

09.08.2024 / 07:00

Ёрг Дорнаў, сябар праварадыкальнай нямецкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» («АдГ»). Фота: акаўнт палітыка ў фэйсбуку

Паводле выдання Welt, дэпутату прысудзілі штраф памерам 20 822 еўра (каля 75 тысяч беларускіх рублёў) за ўтойванне бізнэсу ў Беларусі.

З 2020 года палітык зарэгістраваны як уладальнік сельскагаспадарчага бізнэсу ў Беларусі. Яго прадпрыемства можна знайсці ў Адзіным дзяржаўным рэестры Беларусі пад назвай ТАА «Цыбулька Бел», якое апрацоўвае некалькі сотняў гектараў у Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. «Цыбулька Бел», акрамя гародніны, вырошчвае таксама бахчавыя культуры і карняплоды.

Весці такі бізнэс дэпутатам па законах Германіі не забаронена, аднак Дорнаў не ўказаў сваё прадпрыемства ў дэкларацыі, якую падаваў адміністрацыі зямельнага парламента Саксоніі.

Акрамя таго, Ёрг Дорнаў некалькі разоў таемна сустракаўся з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі і пасля нікому пра гэта не паведамляў, даведалася Welt.

Каментуючы гэтыя таемныя сустрэчы палітыка і ягоны бізнэс у Беларусі, старшыня фракцыі «Левая партыя» ў Саксоніі Рыка Гебхардт сказаў наступнае: «Ніхто не можа проста так паехаць у дыктатарскую Беларусь і заснаваць там сельскагаспадарчы бізнэс, асабліва ніхто з Германіі, бо гэта мае на ўвазе палітычную блізкасць да дыктатуры там».

Паводзіны Ёрга Дорнаў выклікаюць падазрэнні ў тым, што ён абслугоўвае інтарэсы рэжыму Лукашэнкі ў Германіі ў абмен на матэрыяльныя ўзнагароды і лаяльнае стаўленне да яго бізнэсу ў Беларусі, дадае Welt.

Выданне адзначае, што для нямецкага палітыка гэтыя падазрэнні могуць ператварыцца ў вялікія крымінальныя тэрміны.

«Рыка Крыгер быў упэўнены, што калі не прывядуць Красікава, абмен сарвецца»

Капітан Бундэсвера добраахвотна шпіёніў на Расію, «каб загадзя атрымаць ад яе папярэджанне аб нанясенні ядзернага ўдару»

«Калі б Захад затрымліваў лукашэнкаўскіх агентаў, мог бы быць абменны фонд». Вячорка — пра палітвязняў, кадравую цякучку ў Кабінеце, сітуацыю на мяжы і візы

Nashaniva.com