«Сітуацыя пакуль працягвае пагаршацца». Расійскія ваенкары пішуць пра поспехі УСУ

Расійскі ваенкар Юрый Падаляка даў у сваім тэлеграм-канале сваё бачанне сітуацыі ў Курскай вобласці па стане на 19:00 чацвярга. Паводле яго слоў, хваліцца расійскім войскам пакуль няма чым, дынаміка не на іх карысць.

08.08.2024 / 20:59

Паводле інфармацыі ваенкара Юрыя Падалякі, УСУ здолелі на многіх кірунках на толькі прасунуцца наперад, але і замацавацца.

У Суджы ўкраінцы паступова выцясняюць расіян з усходняй часткі горада, бо ўзялі пад кантроль мост праз раку Суджа на поўнач ад горада.

«Цяпер, калі паміж імі ўжо няма ракі, думаю, [расійскі гарнізон] канчаткова выціснуць за межы гарадской рысы», пасля чаго горад цалкам мае перайсці пад кантроль УСУ, піша Падаляка.

Пасля таго, на думку ваенкара, украінцы будуць валодаць мастамі, якія маюць стратэгічнае значэнне, і Суджа зробіцца найважнейшым лагістычным цэнтрам, дзе будзе зручна канцэнтраваць сілы і сродкі.

Далейшае развіццё наступлення ён чакае па трасе на Курск, дзе расійскія перадавыя пазіцыі знаходзяцца ў раёне вёскі Вялікае Салдацкае. Каб забяспечыць тут далейшы рух, украінцы нібыта штурмуюць сяло Чаркаскае Парэчнае.

На Льгоўскім кірунку ўкраінцы замацаваліся за сяло Малая Локня і спрабуюць далей развіваць свой наступ па трасе на Льгоў.

У Кораневе Падаляка не бачыў асаблівых зменаў, але мяркуе, што ўкраінскія вайскоўцы рыхтуюцца ноччу паўтарыць спробу заходу ў гэты райцэнтр. Зрэшты, ужо пасля выдання справаздачы ён напісаў, што УСУ на бронемашынах ужо пачалі атаку на Коранева. 

«У цэлым сітуацыя пакуль працягвае пагаршацца і нават з'яўленне першых нашых рэзерваў на Курскім кірунку пакуль здольнае сітуацыю толькі крыху стабілізаваць, але не больш за тое», — падсумоўвае ваенкар.

Між тым у тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя пра тое, што вядзецца сур'ёзны бой за вёску Мартынаўка. 

У той жа час тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ», спасылаючыся на мясцовых жыхароў, сцвярджае, што памежныя вёскі Коранеўскага раёна УСУ ўтрымліваюць нібыта малымі сіламі. У небе поўнае панаванне ўкраінскіх дронаў, а тэрыторыю патрулююць групы па некалькі чалавек.

Самі ж украінцы выставілі свае фота, зробленыя каля вёсак Новаіванаўка і Любімаўка. Новаіванаўка знаходзіцца ў Суджанскім раёне, а Любімаўка — у Коранеўскім.

Герасімаў пад атакай тэлеграм-каналаў: пра Курск папярэджвалі, але ён нічога не зрабіў

Сырскі за сёння зрабіў Зяленскаму тры даклады — «менавіта такія, якія патрэбныя»

Рыбар: Сітуацыя ў Суджанскім раёне цяжкая

У Курскую вобласць з Малі перакідваюць баевікоў ПВК «Вагнер»

З'явілася ВІДЭА таго, як расійскія памежнікі здаліся ў палон

«Агрэсар заўсёды пажынае адпаведныя плады». Міхаіл Падаляк — пра «недатыкальнасць расійскай тэрыторыі»

Раніца 8 жніўня: Украіна кантралюе Суджу, Коранева ўзяць не ўдалося, УСУ рухаюцца ў кірунку Льгова

Баі ў Курскай вобласці — якія мэты могуць пераследваць УСУ?

Nashaniva.com