Сёстры Груздзевы прапануюць артыстаў, якія не падтрымаюць Лукашэнку ў 2025-м, штрафаваць на 500 тысяч еўра ці саджаць у турму
Са сваёй ідэяй яны збіраюцца грукацца да Качанавай.
08.08.2024 / 14:58
Сёстры Грудзевы. Скрын відэа ютуб-канала «Мінскай хвалі»
Пра сваю ідэю спявачкі расказвалі яшчэ ў маі 2024-га.
«Мы ўсе памятаем падзеі 2020 года, калі здраджвалі тыя людзі, якія не павінны былі здраджваць: артысты, міністры. І мы выступілі з такой ініцыятывай, каб дзяржава на тыя ж граблі не наступіла:
давайце, можа быць, ініцыюем такую дамову паміж артыстамі і дзяржавай, што тыя людзі, якія цяпер у публічнай прасторы, якія атрымліваюць цяпер узнагароды, мільгаюць па тэлевізары, зарабляюць у роднай краіне — вы падпісваеце паперу, па якой у 2025 годзе падтрымліваеце прэзідэнта, краіну, а калі вы гэтага не робіце, то вы плаціце штраф мінімум 500 тысяч еўра ці турма.
Вы рашаеце самі», — расказалі, перабіваючы адна адну, Груздзевы ў эфіры «Мінскай хвалі».
Спявачкі збіраюцца данесці сваю прапанову да Міністэрства культуры, Савета Рэспублікі і Адміністрацыі Лукашэнкі.
Сёстры Груздзевы да 2020 года былі нікому невядомымі артысткамі. Але за кошт лаяльнасці да Лукашэнкі яны прабіліся на сцэну і цяпер перыядычна выступаюць на дзяржаўных канцэртах і прапагандысцкіх дыялогавых пляцоўках.