Лідар каталонскіх сепаратыстаў Пучдэмон вярнуўся ў Іспанію пасля сямі гадоў выгнання

Яму пагражае затрыманне і турэмнае зняволенне.

08.08.2024 / 12:44

Карлес Пучдэмон выступае перад прыхільнікамі каля каталонскага парламента 8 жніўня 2024 года. Фота: Joan Mateu / AP

Экс-кіраўнік Каталоніі Карлес Пучдэмон, які пакінуў Іспанію пасля рэферэндуму ў 2017 годзе, з'явіўся ў Барселоне і зноў знік пасля выступу перад прыхільнікамі. Яму пагражае затрыманне, піша Deutsche Welle.

У чацвер, 8 жніўня, 61-гадовы лідар каталонскіх нацыяналістаў з'явіўся ў цэнтры Барселоны ў суправаджэнні палітыкаў са сваёй партыі і пагутарыў са сваімі прыхільнікамі.

«Яны пераследуюць нас на працягу сямі гадоў толькі таму, што мы хацелі даць каталонскаму народу права голасу», — заявіў ён у сваім кароткім выступе. Трансляцыя выступу вялася на YouTube-канале Пучдэмона.

Пасля гэтага Пучдэмон збіраўся прысутнічаць на пасяджэнні парламента ў Барселоне, на якім павінна адбыцца зацвярджэнне кіраўніком Каталоніі сацыяліста Сальвадора Ільі. Да парламента быў сцягнуты вялікі кантынгент паліцыі, каб перашкодзіць Пучдэмону ўвайсці ў будынак.

Аднак выбары кіраўніка каталонскай адміністрацыі пачаліся ў адсутнасць лідара незалежнікаў, пішуць іспанскія СМІ, паведамляючы таксама, што Пучдэмон зноў знік.

Nashaniva.com