У Вене адмянілі ўсе канцэрты Тэйлар Свіфт пасля пагрозы арганізацыі тэракту
Аднаму з затрыманых 19 гадоў, і ён прысягнуў на вернасць «Ісламскай дзяржаве».
08.08.2024 / 07:47
Тэйлар Свіфт на сусветнай прэм'еры фільма Taylor Swift: The Eras Tour. Фота: Chris Pizzello / AP
У Аўстрыі арыштаваныя два чалавекі па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэракту на канцэрце спявачкі Тэйлар Свіфт у Вене. Арыштаваныя могуць быць звязаныя з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава», піша Радыё Свабода.
Усе тры канцэрты спявачкі, запланаваныя 8, 9 і 10 жніўня, адмененыя.
Аднаму з падазраваных 19 гадоў. Ён грамадзянін Аўстрыі. Пры ператрусе ў яго былі знойдзеныя хімічныя рэчывы. Іх склад не ўдакладняецца. Са слоў кіраўніка МУС Аўстрыі Франца Руфа, некалькі тыдняў таму аўстрыец «прысягнуў на вернасць» «Ісламскай дзяржаве». Яго затрымалі прыкладна за 75 кіламетраў на паўднёвы захад ад Вены.
Другому падазраванаму 17 гадоў. Яго затрымалі ў Вене. Журналісты называюць яго саўдзельнікам першага затрыманага. Яшчэ трое падазраваных знаходзяцца ў вышуку.
Чакалася, што на канцэртах будуць прысутнічаць 65 тысяч гледачоў. Пасля адмены канцэртаў арганізатар шоу заявіў, што ў яго няма іншага выбару, як зрабіць так дзеля ўсеагульнай бяспекі.
Тэйлар Свіфт знаходзіцца зараз у вялікім канцэрным туры ў розных краінах свету, які доўжыцца больш за год. На яе канцэрты збіраюцца дзясяткі тысяч чалавек. Звычайна ў адным горадзе яна дае па два-тры канцэрты, і выступы нават правакуюць сейсмічную актыўнасць.
Нямецкі горад на час гастроляў Тэйлар Свіфт пераймянуюць у Свіфткірхен
Канферэнцыю «Новая Беларусь» пераносяць з Варшавы ў Вільню. Прычына вас здзівіць
Прыхільнікі Тэйлар Свіфт скаланулі Зямлю на яе канцэрце ў Шатландыі. У літаральным сэнсе