Спартсменку з Індыі не дапусцілі да алімпійскага фіналу з-за 100 грамаў лішняй вагі. Яна страціла і срэбра

Спартсменка з Індыі Вінеш Пхагат, якая прабілася ў фінал турніру ў вольнай барацьбе на Алімпіядзе ў Парыжы, была дыскваліфікаваная праз перавышэнне дазволенай вагі на 100 грамаў.

07.08.2024 / 22:02

Вінэш Пхагат. Фота: AP Photo/Anvar Ilyasov 

7 жніўня індыйка павінна была пазмагацца за залаты медаль у вагавай катэгорыі да 50 кг з амерыканкай Сарай Хільдэбрант.

Вінеш упэўнена прайшла ўзважванне перад папярэднімі раўндамі. Аднак за дзень да фіналу яе вага перавысіла норму на два кілаграмы.

Паводле паведамленняў СМІ, 29-гадовая Пхагат не спала ўсю ноч, займаючыся такімі актыўнымі відамі спорту, як бег трушком, скачкі са скакалкамі і язда на ровары, у адчайнай спробе адпавядаць вагавым крытэрыям. Але, нягледзячы на гэта, раніцай 7 жніўня ў яе ўсё адно была празмерная вага ў 100 грамаў.

Пхагат ужо сутыкалася з падобнымі праблемамі ў мінулым, калі трапіла ў вагавую катэгорыю 50 кг, што ніжэй за яе звычайную вагавую катэгорыі 53 кг. Нават падчас алімпійскіх адборачных спаборніцтваў ёй пастаянна даводзілася змагацца з лішняй вагой.

Гэтым разам пасля ўзважвання спартсменку адправілі ў бальніцу Алімпійскай вёскі, дзе яна страціла прытомнасць ад абязводжвання. Самае для яе трагічнае тое, што згодна з правіламі з-за дыскваліфікацыі яна цяпер не атрымае нават срэбранага медаля, які быў ёй нібыта гарантаваны.

Тым не менш Пхагат стала першай жанчынай-барчыхай з Індыі, якая дайшла да фіналу Алімпійскіх гульняў. Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі ў знак падтрымкі спартсменкі назваў у сацыяльнай сетцы X Пхагат «чэмпіёнкай сярод чэмпіёнаў», гонарам Індыі і крыніцай натхнення для кожнага індыйца.

Гурцыеў больш не мае шанцаў пазмагацца за бронзу ў тхэквандо на Алімпіядзе

У інстаграме мемнага стралка з Алімпіяды адшукаўся беларускі след

Арман Дзюпланціс устанавіў новы фантастычны сусветны рэкорд у скачках з шастом на Алімпіядзе

Лесбіянка з Камеруна прынесла першы ў гісторыі медаль алімпійскай зборнай бежанцаў

Nashaniva.com