«Працоўнае месца з відам на раку». Як айцішнікі жывуць у калівінгу на Нёмане
Маладая франтэнд-распрацоўшчыца Аліна расказала ў лінкедзіне, як айцішнікі працуюць з калівінга на Нёмане — «ідэальнага месца для аддаленых работнікаў». Devby.io пагутарыў з ёй пра тое, як жывецца ў незвычайным для Беларусі месцы — і ці не церпіць праца.
07.08.2024 / 13:07
Аліна ў пасце пералічвае плюсы калівінга:
- Ідэальнае месца для аддаленых працаўнікоў: цішыня, прырода, зручная працоўная прастора.
- Магчымасць пашырыць кола зносін: пазнаёміцца з новымі людзьмі, якія працуюць у розных сферах.
- Актыўны адпачынак: сплавы, квадрацыклы, конныя шпацыры — усё гэта даступнае на запыт.
- Разнастайны калектыў: у групе могуць быць не толькі праграмісты, але і рэпетытары, дызайнеры, маркетолагі, відэографы і іншыя аддаленыя працаўнікі.
Некаторыя каментары пад пастом песімістычныя:
- «Штосьці мне падказвае, абстаноўка там не вельмі працоўная. Але як адпачынак — цалкам нармальна. Піянерлагер для дарослых».
- «Засяліцца з рандамнымі людзьмі ў адзін будынак, дзе трэба пастаянна перасякацца — страшней і не прыдумаеш для аддаленага працаўніка. Як бы сутнасць аддаленай працы і палягае ў тым, каб паменш (усіх вас) бачыць».
- «Камары выйшлі на новы ўзровень заваблівання».
Аліна нядаўна скончыла ІТ-курсы, цяпер у пошуку працы, яе муж — праграміст, працуе аддалена. Пара жыве ў кватэры ў Мінску і, калі настае лета, адчувае, што ім «крытычна не хапае прыроды — як быццам і лета, і жыццё праходзіць міма», — расказвае наша суразмоўніца. А яшчэ, наракае Аліна, праз аддаленую працу і ёй, і мужу не хапае камунікацыі і новых знаёмстваў.
Ідэальным варыянтам для пары здаваўся калівінг: «прырода + новыя знаёмствы + цікавы вольны час» — муж Аліны шукаў такія ў Беларусі і не знаходзіў. Варыянты былі толькі за мяжой.
— І раптам нядаўна мы выпадкова наткнуліся ў Instagram на рэкламу калівінга на беразе Нёмана і вырашылі запісацца.
Аліна расказвае, што яны спыніліся ў вялікім доме: у ім ёсць пакоі на дваіх, але ёсць і на кампанію з 6 чалавек, рассяленне — па гендарнай прыкмеце. А яшчэ можна жыць у сваім намёце.
Гасцей кормяць тры разы на дзень. Днём усе працуюць — працоўны час паміж сабой узгаднілі. Месцаў для гэтага дастаткова, Аліна налічыла да 20. «Самае крутое — на вуліцы з відам на раку»: там стаіць стол і лавачка. Вялікі пакой з камінам усе выкарыстоўваюць як мітынг-рум.
Фота з асабістага архіва гераіні
Вечарамі госці адпачываюць, гуляюць у «настолкі», размаўляюць ля вогнішча, ходзяць купацца. Хтосьці нават збіраў грыбы — лес зусім побач. Муж Аліны рыбачыў.
Арганізатары калівінга прапаноўваюць гасцям розныя актыўнасці: катанне на квадрацыклах і байдарках, можна займацца верхавой яздой.
— Былі сярод нас і тыя, хто працаваў позна ўвечары, яны сыходзілі альбо ў іншае памяшканне, альбо сядзелі ўвечары з намі — ім гэта не замінала.
Аліна адзначае, што для яе быў вельмі карысны досвед зносін з іншымі айцішнікамі — суседзі па калівінгу не толькі дзяліліся парадамі па пошуку працы, хтосьці нават адправіў яе рэзюмэ ў HR-аддзел сваёй кампаніі».
Пабудаваць калівінг марыў калісьці і заснавальнік PandaDoc Мікіта Мікада. Ён жыў у такім у разгар пандэміі: «Пустуючы пансіянат засялілі блізкімі па духу працаўнікамі лічбавай індустрыі. На піку было чалавек 30: мы разам гатавалі, гулялі ў валейбол, працавалі, спявалі і танцавалі. Было добра».
Мікіта пісаў, што «людзей, якія працуюць аддалена, становіцца ўсё больш і больш», і пытаўся ў сваіх падпісчыкаў у фэйсбуку, ці хацелі б яны далучыцца да Мікады. Ахвотных было нямала.