Украінскія войскі атакавалі Курскую вобласць Расіі. Што вядома?

Ёсць узятыя ў палон расіяне, ёсць збіты верталёт.

06.08.2024 / 21:01

Фота: focus.ua

Баі на мяжы Сумскай вобласці Украіны і Курскай вобласці Расіі пачаліся 6 жніўня. Прычым менавіта на расійскай тэрыторыі.

Афіцыйных каментарыяў з боку Украіны не было, а вось Расія заявіла, што атака ўкраінскіх дыверсійных груп пачалася а 8-й раніцы. У ёй нібыта прымала ўдзел каля 300 байцоў 22-й механізаванай брыгады УСУ, якіх падтрымлівалі 11 танкаў і звыш 20 баявых браніраваных машын.

Як заведзена ў такіх выпадках, Міністэрства абароны Расіі адразу абвясціла, што атака была адбітая, дзясяткі ўкраінцаў былі забітыя, а іх тэхніка знішчаная.

Аднак не ўсё так проста. На працягу дня паступалі паведамленні аб баях ля населеных пунктаў Суджа, Коранева, Нікалаева-Дар'іна, Дар'іна, Свердлікава, Гаголеўка, Ганчароўка, Курылаўка, Горналь. Таксама згадваўся населены пункт Крупец, які знаходзіцца на дарозе ад Глухава ў Сумскай вобласці ў Курск.

Z-блогеры прызнаюць страты расійскага боку як у тэхніцы, так і ў авіяцыі. На жаль, праверыць гэтыя паведамленні пакуль немагчыма.

Пашкоджаныя дамы ў горадзе Суджа. rodnaya_sudzha / Telegram

Украінскія каналы тым часам сталі публікаваць відэа з палоннымі, расійскія каналы рэпосцілі іх і пацвярджалі, што агучаныя імёны рэальныя, гэтыя людзі насамрэч служылі пад Курскам. 

З'явілася і непацверджанае відэа таго, як шасцярых палонных расіян некуды вядуць.

Тэлеграм-канал «Тіпічный Курск» вечарам паведаміў аб актыўных баявых дзеяннях і ахарактарызаваў сітуацыю як «вельмі цяжкую». У тэлеграм-канале «Суджа родная» з'яўляюцца паведамленні аб ракетнай небяспецы.

Увечары з'явілася інфармацыя пра расійскі верталёт Ка-52, збіты непадалёку ад месца баёў. 22-гадовы пілот загінуў, другі паранены. Расійскія каналы прызналі яго смерць.

Збіты Ка-52

Блогер Юрый Падаляка ў сваім пабліку напісаў, што ў баях удзельнічаюць «мінімум пяць цяжкіх брыгад» УСУ, былі заўважаны амерыканскія «Брэдлі». 22-ю механізаваную брыгаду ён характарызуе як элітную, што сведчыць аб сур'ёзных намерах украінскага боку. 

«Адной разведкай боем тут не абыдзецца. У бліжэйшыя дні тут разгорнуцца вельмі моцныя баі», — лічыць Падаляка.

Знішчаныя пад Курскам расійскія танкі

Украіна заявіла пра знішчэнне расійскага Су-34 на аэрадроме ў Растоўскай вобласці

З'явілася ВІДЭА выбуху на аэрадроме ў расійскім Марозаўску пасля ўкраінскага ўдару

Упершыню Украіна наносіць больш удараў з дапамогай беспілотнікаў далёкага радыусу дзеяння, чым Расія

Nashaniva.com