Два польскія футбольныя арбітры напіліся і скралі дарожны знак. А назаўтра мелі судзіць Лігу чэмпіёнаў

Польскія футбольныя арбітры-міжнароднікі Барташ Франкоўскі і Томаш Мусял у ноч з 5 на 6 жніўня былі затрыманыя паліцыяй у Любліне. Перад матчам Лігі чэмпіёнаў паміж кіеўскім «Дынама» і шатландскім «Глазга Рэйнджэрс» яны ўжывалі алкаголь і не разлічылі сваіх сілаў, піша TVP Sport.

06.08.2024 / 19:14

Барташ Франкоўскі. Фота: Stuart Franklin/Getty Images

6 жніўня ў 20:00 на люблінскім стадыёне адбудзецца адборачны матч Лігі чэмпіёнаў паміж кіеўскім «Дынама» і шатландскім «Глазга Рэйнджэрс». Польскі арбітр-міжнароднік Барташ Франкоўскі быў прызначаны на яго галоўным суддзёй, а ягоным памочнікам мусіў быць Томаш Мусял.

Аднак судзейству ў такім складзе адбыцца ўжо не суджана, бо ў 01:43 у Любліне былі затрыманыя трое мужчын, якія скралі дарожны знак і накіраваліся з ім у бок аднаго з гандлёвых цэнтраў. Двума з гэтых мужчын якраз і аказаліся польскія арбітры.

«Каля 1:40 мы атрымалі паведамленне, што трое мужчын нясуць па вуліцы дарожны знак. На месца былі накіраваныя паліцыянты. Усе мужчыны былі ў стане алкагольнага ап'янення і мелі ў крыві больш за 1,5 праміле алкаголю. Яны трапілі ў выцвярэзнік», — паведамілі ў паліцыі.

У Барташа Франкоўскага ў крыві выявілі каля 1,7 праміле алкаголю, у Томаша Мусяла — каля 1,8 праміле.

Польскі футбольны саюз выпусціў адносна гэтай сітуацыі адмысловую заяву. Кантракты суддзяў, калі праведзенае расследаванне пацвердзіць папярэднюю інфармацыю, маюць быць скасаваныя. А дысцыплінарны камітэт можа ўвогуле ўвесці ім забарону на прафесію.

УЕФА імгненна даведаўся пра гэтую справу і адрэагаваў маланкавай зменай складу судзейскай брыгады на матч. Франкоўскага і Мусяла заменяць іншыя польскія арбітры: Томаш Квяткоўскі і Павел Малец.

Як пабрацца шлюбам з зорным футбалістам? Жонка Аляксандра Глеба распавяла, як настойліва дабівалася яго

Самае позняе рашэнне VAR у гісторыі. Гол Аргенціны на Алімпіядзе адмянілі толькі праз дзве гадзіны

Гулец гродзенскага «Нёмана» з разбегу ўдарыўся галавой аб жалезны плот. Вось што яго ўратавала ВІДЭА

Nashaniva.com