Трамп знайшоў вінаватага ў біржавым абвале — ім стала віцэ-прэзідэнт Камала Харыс.

«Kamala-crash» («Крах Камалы») — так экс-прэзідэнт і кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп назваў рэзкае падзенне фондавага рынку, якое адбылося напярэдадні, піша Bild.

06.08.2024 / 11:24

Фота: Evan Vucci / AP

На думку Трампа, цэны на акцыі вядучых сусветных кампаній упалі, бо незадоўга да гэтага віцэ-прэзідэнт Камала Харыс была вылучана кандыдатам у прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі.

У панядзелак, 5 жніўня, японскі індэкс Nikkei упаў больш чым на 12%, за ім адбылося рэзкае падзенне на фондавых біржах іншых краін. У якасці прычыны эксперты называюць асцярогі наконт рэцэсіі ў ЗША. Зрэшты, сёння кошты на акцыі ў Японіі зноў практычна аднавіліся.

«Вядома, на рынку назіраецца маштабнае падзенне. Камала яшчэ горш, чым Джо Байдэн. Рынкі ніколі не прымуць гэтую радыкальную левую вар'ятку. Наступны крок — Вялікая дэпрэсія 2024 года! З рынкамі нельга гуляцца», — напісаў Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.

Сама Камала Харыс не стала адказваць на нападкі Дональда Трампа. Яна апублікавала ў X фатаграфію, на якой яна паказана на сустрэчы з прэзідэнтам Джо Байдэнам, прысвечанай блізкаўсходняму канфлікту.

Nashaniva.com