Доктар Мартаў, якога затрымлівалі ў Расіі, змог выехаць у Літву
Віцебскі рэаніматолаг Уладзімір Мартаў знаходзіцца ў бяспецы ў Літве, паведаміў тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».
06.08.2024 / 10:04
Як яму ўдалося выбрацца пасля затрымання ў Расіі, невядома, але, напэўна, неўзабаве пра гэта ён раскажа сам.
Інфармацыю пацвердзіў і Андрэй Стрыжак у сваім тэлеграм-канале.
Уладзімір Мартаў пакінуў прафесійную медыцыну ў 2021 годзе — тады з ім не працягнулі працоўны кантракт. Доктара пачалі пераследваць пасля таго, як ён загаварыў у недзяржаўных СМІ пра тое, што статыстыку смяротнасці ад каранавіруса прыхоўваюць і што ёсць праблемы арганізацыі медыцынскай дапамогі хворым на каранавірус — у прыватнасці, перабоі з пастаўкамі кіслароду ў рэанімацыю бальніцы.
Ён сцвярджаў, што праз гэта ў канцы 2020 года памерлі некалькі чалавек, якія знаходзіліся на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, тады як улады запэўнівалі, што ад новай інфекцыі пакуль ніхто не памёр.
Пасля такіх сцвярджэнняў, зробленых Уладзімірам Мартавым у інтэрв'ю незалежным СМІ, у канцы красавіка 2020 года быў звольнены галоўны доктар Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі Сяргей Лазар.
Уладзімір Мартаў пакінуў Беларусь у 2022 годзе — праз некалькі месяцаў пасля таго, як яго асудзілі да арышту на 7 сутак за бел-чырвона-белы сцяжок на аватарцы ў фэйсбуку.
У маі паведамлялася пра яго затрыманне ў Ленінградскай вобласці.