Выйшаў на волю палітвязень Дзяніс Пішчала

Ён адбыў два гады калоніі за ўдзел у пратэстах.

06.08.2024 / 07:45

«Вітаю вас, шаноўнае спадарства! Ужо крыху больш за тыдзень я дыхаю адносна вольным паветрам. 635 дзён я быў афлайн і маё раптоўнае знікненне не засталося незаўважным для многіх з вас. Ліставацца мне было дазволена толькі з блізкімі сваякамі, ад сяброў і знаёмых лісты я не атрымліваў», — напісаў ён у сваім фэйсбуку.

Дзяніс змясціў фота наведвання мемарыяльнага комплексу Ала ў Гомельскай вобласці, які ён наведаў упершыню пасля рэканструкцыі.

«Моцнае месца, трагедыя якога куды большая, чым у Хатыні. Гэтая вёска магла стаць асноўным помнікам спаленым вёскам, але раней тут не было моста праз Бярэзіну, дарогі былі так сабе, ды і трафік наведвальнікаў быў бы не такі, як каля сталіцы. Доўгія часы тут стаяў сціплы помнік, да якога было цяжка дабрацца і пра які ўзгадвалі хіба што на 9-га мая. Цяпер тут працуе маленькі музейчык з магчымасцю атрымаць экскурсію, ёсць дзе пахадзіць і ёсць на што паглядзець. Раю дадаць гэты пункт на вашую мапу вандровак па Беларусі!» — напісаў ён.

25-гадовага Дзяніса Пішчалу затрымалі ў лістападзе 2022 года за ўдзел у пратэстах і нібыта за «абразлівыя каментары». У сакавіку 2023 года яго асудзілі да двух гадоў калоніі. За кратамі правёў 635 дзён. Тэрмін адбываў у Магілёўскай калоніі.

Nashaniva.com