ЕС увёў санкцыі супраць 28 беларускіх сілавікоў і прапагандыстаў
Еўрасаюз увёў чарговую порцыю санкцый.
05.08.2024 / 10:20
Ірына Акуловіч
Гэтыя санкцыі прынятыя напярэдадні чацвёртай гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года.
«У сваіх заключэннях ад 19 лютага 2024 года Рада выказала глыбокую занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і рашуча асудзіла працяг кампаніі пераследу і запалохвання ўсіх слаёў беларускага грамадства з боку беларускага рэжыму. (…) ЕС настойліва заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных і адмяніць смяротнае пакаранне. Рада таксама рашуча асудзіла беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій і абмежаванняў на ўдзел у палітычным жыцці напярэдадні парламенцкіх і мясцовых выбараў, якія адбыліся 25 лютага 2024 года», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Рады ЕС.
Санкцыі ўведзеныя супраць гендырэктара БелТА Ірыны Акуловіч; вядучага праекта Сенат на тэлеканале СТБ (СТВ) і старшыні Маладзёжнага савета пры Нацсходзе Мікіты Рачылоўскага, галоўнага рэдактара «Беларусь сегодня» Дзмітрыя Жука.
«Гэтыя прапагандысты свядома прадстаўляюць беларускаму грамадству ілжывую інфармацыю пра рэпрэсіі, якія праводзяць дзяржаўныя структуры, распаўсюджваюць дэзінфармацыю як ад беларускіх, так і ад расійскіх уладаў, і распальваюць варожасць у дачыненні да дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ЕС.
Агулам абмежавальныя меры ЕС у дачыненні Беларусі прымяняюцца цяпер да 261 асобы і 37 юрыдычных асоб.