Расійскі апазіцыянер, які выйшаў па абмене вязнямі: Для мяне недапушчальна дапамагаць УСУ

Расійскі апазіцыйны палітык Андрэй Півавараў быў вызвалены ў выніку абмену вязнямі паміж Захадам і Расіяй. У інтэрв'ю «Новай газеце. Еўропа» сярод іншага ён выказаўся пра падтрымку ўкраінскіх вайскоўцаў і пра расейцаў, што ідуць на фронт.

04.08.2024 / 21:51

Андрэй Півавараў. Скрын відэа «Новая газета. Еўропа»

Андрэй супраць вайны. Але пытанне, ці падтрымліваць УСУ, для яго неадназначнае. Ён кажа, што палітыку трэба быць патрыётам і любіць сваю краіну, якой бы яна ні была.

«Што тычыцца УСУ. (…) Гэта такое вось пытанне, якое няправільна наогул задаваць расійскім палітыкам, таму што зразумела, што чалавек, які хацеў бы адказаць на яго інакш, чым я, адразу атрымлівае крымінальную справу ў Расіі. (…)

Што тычыцца падтрымкі менавіта ваенных сіл, на жаль, гэта недапушчальна для мяне, таму што ўсё ж такі я застаюся расійскім палітыкам», — сказаў у інтэрв'ю Півавараў.

Пра расейцаў, якія ідуць ваяваць супраць украінцаў, ён заўважыў, што шмат каго гоніць страх і беднасць.

«І можа быць, гэтыя людзі не з'яўляюцца прыхільнікамі дэмакратычных ідэалаў, (…) але жадаць ім смерці, дапамагаць гэтаму для мяне недапушчальна. Таму я планую займацца грамадскай, палітычнай дзейнасцю, каб знаходзіць спосабы задушыць у грамадстве падтрымку гэтага і пастарацца ўдарыць па фінансавым аспекце.

Але падтрымліваць тых людзей, якія са зброяй у руках змагаюцца супраць Расіі, я не гатовы», — шчыра казаў Півавараў.

Стаў вядомы поўны спіс вызваленых у рамках абмену паміж Расіяй і Захадам

Ілья Яшын: Двух чалавек са спісаў на абмен выкраслілі ў апошні момант

Як праходзілі перамовы, што прывялі да самага буйнога абмену зняволенымі з часу халоднай вайны

Nashaniva.com