Кранальны момант алімпіяды — гандбалістка вынесла траўмаваную суперніцу на руках

Гісторыя адбылася падчас гандбольнага матчу Бразілія-Ангола, піша championat.com.

04.08.2024 / 17:14

Гандбалістка з Бразіліі выносіць на руках траўмаваную суперніцу-ангалезку. Фота: AP Photo/Brian Inganga

У апошнім матчы папярэдняга этапу жаночага турніру па гандболе сустрэліся зборныя Бразіліі і Анголы. Зыход гульні быў важны для абедзвюх каманд — пераможца адправіцца ў чвэрцьфінал, а той, хто прайграў — дадому.

На 36-й хвіліне сустрэчы, калі Ангола ўжо саступала суперніку з лікам 8:16, капітан афрыканскай каманды Альберціна Касома атрымала траўму калена. Проста на пляцоўцы дзяўчыне пачалі аказваць медыцынскую дапамогу, але гэтага было мала. Стала ясна, што боль перашкодзіць Касоме вярнуцца ў гульню.

Доктар зборнай і брамнік каманды дапамаглі спартсменцы падняцца. Яны збіраліся праводзіць дзяўчыну да лаўкі запасных, але Касома не магла зрабіць і кроку. У гэты момант на дапамогу дзяўчыне з Анголы паспяшалася суперніца — лінейная зборнай Бразіліі Тамірэс Марэна Ліма дэ Араужо. Яна падняла Альберціну, якая значна вышэйшая і большая за яе, на рукі і аднесла на лаўку, адначасна паляпваючы яе па спіне ў знак падтрымкі і падбадзёрвання.

«Траўма адбылася недалёка ад мяне. Спачатку я працягвала гуляць, таму што не думала, што гэта настолькі сур'ёзна. Калі я ўбачыла яе на пляцоўцы, я зразумела, што яна не зможа падняцца, таму што вельмі рэдка бывае так, што ты падаеш і не ўстаеш», — распавяла бразільянка.

«Альберціна — мой сябар на працягу многіх гадоў. Мы абедзве гуляем у Румыніі. Я не магла не дапамагчы ёй, бо разумела, што ёй будзе вельмі цяжка пакінуць пляцоўку. Я адчуваю да яе асаблівую прыхільнасць. Я вельмі паважаю яе працу», — патлумачыла свой учынак дэ Араужо.

Капітан Анголы пакінула арэну з мяшком лёду на пашкоджаным калене. А бразільянка падзялілася тым, што сказала ёй Альберціна, знаходзячыся на яе руках.

«Яна сказала: «Вялікі дзякуй, мой сябар. Толькі ты магла падняць мяне. Мне было вельмі балюча». Цяпер яна паправіцца».

Пераможцам матчу стала Бразілія, каманда выйшла ў чвэрцьфінал. 

55-гадовая нямецкая вершніца заваявала сваё 8-е алімпійскае золата. Яна збірае ўзнагароды ўжо 32 гады

Дачка эмігрантаў з Беларусі стала алімпійскай чэмпіёнкай у фехтаванні на рапірах у складзе зборнай ЗША

Nashaniva.com