У Ізраілі мужчына з нажом напаў на людзей у трох розных месцах горада
У горадзе Халоне мужчына з нажом зладзіў серыю нападаў на мірных жыхароў. Загінулі два чалавекі, яшчэ двое паранены.
04.08.2024 / 13:12
Службы хуткага рэагавання працуюць на месцы нападу ў Халоне, Ізраіль, 4 жніўня 2024 г. Фота: AP Photo / Tomer Appelbaum
У выніку нападу жанчына 66 гадоў памерла на месцы, яе 70-гадовы муж памёр у машыне хуткай дапамогі. Па інфармацыі СМІ, пара здзяйсняла ранішнюю прабежку, калі на іх напалі.
Яшчэ двое параненых былі шпіталізаваны. Гэта мужчыны ва ўзросце 68 і 26 гадоў, яны знаходзяцца ў цяжкім і сярэднім стане. За іх жыццё змагаюцца медыкі.
Паліцыя застрэліла нападніка. СМІ пішуць, што гэта 34-гадовы Амар Адэх, жыхар Заходняга берага Іардана. Раней у поле зроку паліцыі ён не трапляў.