«Чаму не спытае ў сябе: калі я езджу ў Германію і забіраю ўсе ўзнагароды, чаму не выйшаў на кантакт з немцамі?» Да каго звярнуўся Латушка?

Падчас дыскусіі на канферэнцыі «Новая Беларусь» кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выставіў сустрэчныя прэтэнзіі тым, хто абураецца, што беларускія палітвязні не ўвайшлі ў абмен паміж Расіяй, Германіяй і ЗША. З кантэксту вынікае, што Латушка звяртаўся да Таццяны Хоміч, сястры Марыі Калеснікавай.

03.08.2024 / 14:21

Павел Латушка

Журналістка Таццяна Каравянкова спытала ў Латушкі, чаму стратэгія апазіцыі «настолькі правальная», што Германія, аддаючы кілера Красікава, нават не ўзгадала пра Марыю Калеснікаву, якая жыла ў Германіі 12 гадоў.

«Мне вельмі баліць, што ў гэтым абмене няма беларускіх палітвязняў. Але гэтаксама баліць і палякам. Чаму быў выдадзены Пабла Гансалес — Павел Рубцоў, агент расійскай СВР, які дзейнічаў пад прыкрыццём іспанскага журналіста на тэрыторыі Польшчы? Ён быў выдадзены польскімі ўладамі, і польскія ўлады не змаглі дабіцца вызвалення Анджэя Пачобута. Такое ж пытанне можна адрасаваць амерыканскаму ўраду. Чаму грамадзянін ЗША і Беларусі Юрась Зяньковіч, які знаходзіцца ў турме, не быў выдадзены ў рамках гэтага абмену? Таму што гаворка ішла пра абмен паміж супрацоўнікамі спецслужб. У гэты спіс былі дадаткова ўключаныя шэраг палітычных дзеячаў Расіі. Больш ніхто не ўключаўся, гэта былі абсалютна сакрэтныя закрытыя перамовы.

Мне баліць. Але гэта павінна балець усім тым, хто так часта ездзіць у Германію. Хто знаходзіцца ў гэтай Германіі больш, чым Павел Латушка ва ўсіх замежных камандзіроўках. І той чалавек, які зараз мяне чуе і разумее, пра каго я кажу. Чаму гэты чалавек крытыкуе зараз нас, а не спытае ў сябе: калі я езджу ў Германію і забіраю ўсе ўзнагароды, каторыя належаць не мне, чаму я не выйшаў на гэты кантакт? Чаму немцы не паставілі пытанне беларускіх палітвязняў?»

Карэспандэнт «НН» удакладніла ў Латушкі пасля яго выступу, каго канкрэтна ён меў на ўвазе. Ён сказаў, што не будзе называць імя.

З высокай доляй дакладнасці можна меркаваць, што Павел Латушка апеляваў да Таццяны Хоміч, сястры Марыі Калеснікавай. Яна атрымлівала прэміі за палітзняволеную сястру, у тым ліку ў Германіі.

Таццяна Хоміч і Святлана Ціханоўская ў 2023 годзе

«Я задаюся пытаннем, чаму ў спісе вызваленых няма нобелеўскага лаўрэата 2022 года Алеся Бяляцкага, які ўжо 3 гады ў турме. Чаму няма Марыі Калеснікавай — і многіх іншых палітзняволеных.

З майго гледзішча, адна з прычынаў адсутнасці беларусаў у абмене — гэта тое, што так і не атрымалася прыярытызаваць пытанне палітзняволеных для заходніх партнёраў.

Камунікацыя з пасыламі «не гандлю палітвязнямі», «ніякіх перамоваў з рэжымам», «спачатку вызваленне ўсіх — потым перамовы і новыя выбары» — не прывяла да патрэбнага выніку», — днямі выказалася Таццяна Хоміч.

Nashaniva.com