Cваякі Алены Гнаўк не атрымліваюць ад яе лістоў

Прычыны спыненьня сувязі невядомыя.

02.08.2024 / 15:45

Сваякі палітзняволенай Алены Гнаўк паведамілі, што ўжо паўтара месяцы не атрымлівалі ад яе лістоў, піша Радыё Свабода.

Прычыны затрымкі з сувяззю ім невядомыя. У апошнім з атрыманых лістоў палітзняволеная «паведаміла, што жывая», падзяліўся інфармацыяй пра Алену Гнаўк праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Актывістцы з Бярозы Алене Гнаўк 67 гадоў. З 2021 годау яе судзілі тройчы.

Першы раз Алене Гнаўк прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у «карагодзе» — акцыі пратэсту супраць фальшавання выбараў, якая адбылася ў Берасці ў верасні 2020 года.

Другім разам пенсіянерку прыцягнулі да судовай адказнасьці нібыта за паклёп на Лукашэнку і дыскрэдытацыю Беларусі. За гэта ў 2022 годзе былая юрыстка атрымала 3,5 гады зьняволеньня. Праз год ужо ў калоніі Алене дадалі да тэрміну яшчэ год за «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэкса.

Вядома, што ў часе следства Алена Гнаўк трымала галадоўку на знак пратэсту, а ў гомельскай жаночай калоніі № 2 яе зьмяшчалі ў ПКТ і пазбавілі перадач ды спатканьняў.

Цяпер Алена Гнаўк адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 24 у Рэчыцкім раёне, прызначанай для тых, хто асуджаны болей за адзін раз. Вядома, што за час зняволення жанчына значна схуднела, у яе пагоршылася здароўе, але, паводле крыніцаў, якія з ёй кантактавалі, яна трымаецца і на ўмовы не наракае.

«Яна па-ранейшаму актыўная, нязломная. Перадае прывітанні тым, хто на волі», — паведамляла пра Алену Гнаўк былая асуджаная калоніі № 24.

Nashaniva.com