Што азначае закрыццё рэкрутынгавага цэнтра палка Каліноўскага ў Варшаве?
Павел Кухта, начальнік арганізацыі ў Варшаве, праз якую набіралі беларускіх добраахвотнікаў, абвесціў аб яе закрыцці. Можна падумаць, што набор беларусаў у полк Каліноўскага спыняецца, але гэта не так.
02.08.2024 / 08:00
Каліноўцы ўздымаюць нацыянальны беларускі сцяг. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага
«Я, Павел Кухта, кіраўнік мабілізацыйнага цэнтра палка імя Кастуся Каліноўскага, вымушаны паведаміць, што рэкрутынгавы цэнтр у Варшаве больш не дзейнічае ў сувязі з рашэннем кіраўніцтва Інтэрнацыянальнага легіёна праводзіць рэкрутынг беларусаў праз іх уласную сістэму ва Украіне, — кажа ў звароце Кухта. — Мы са шкадаваннем прынялі гэтую навіну, бо наш цэнтр дазваляў беларусам хутка і бяспечна трапляць у полк Каліноўскага і праходзіць навучанне на ўласнай базе разам з іншымі беларусамі».
Якія будуць практычныя наступствы гэтага? Няўжо набор беларускіх добраахвотнікаў цалкам спыняецца?
Суразмоўцы «Нашай Нівы», абазнаныя ў справах палка і блізкія да цяперашняга камандавання, кажуць, што прынцыпова не змяняецца нічога. Чат-бот палка працуе.
Пры заходзе на сайт палка Каліноўскага можна ўбачыць кнопку «рэкрутам», якая вядзе на тэлеграм-бот, у якім ахвотным раскажуць пра алгарытм дзеянняў для праезду ва Украіну і ўступлення ў Інтэрнацыянальны легіён, да якога належыць і полк імя Кастуся Каліноўскага.
Адтуль чалавек будзе размеркаваны ў беларускае падраздзяленне.
«Часы змяніліся. Вялікага сэнсу ў пасярэдніках у Варшаве няма, беларускае падраздзяленне падпарадкаванае ўкраінскаму камандаванню, і ўся тая падрыхтоўчая работа, якая праводзілася ў Варшаве, можа і будзе праводзіцца ва Украіне, дзе і ідзе вайна», — з такім меркаваннем салідарызуюцца апытаныя намі байцы.
Людзі таксама кажуць, што цэнтр у Варшаве можна было б і не разганяць, але гэта ўсё наступствы барацьбы за ўладу ўнутры арганізацыі. Маўляў, Павел Кухта больш лаяльны папярэдняму кіраўніцтву, і тое, што з ім не знайшлі агульнай мовы новыя начальнікі — справа лагічная.
Тэлеграм-канал палка, у якім было апублікавана паведамленне Кухты, па сцверджаннях цяперашніх і былых байцоў, кантралюецца адхіленымі ад камандавання людзьмі — Міколам Дземідзенкам і Арцёмам «Ванішам» Войнічам.
Рэкрутынгавы цэнтр у Варшаве сыграў ролю ў 2022 годзе, калі масы актыўных беларусаў, якія аказаліся ў эміграцыі і хацелі дапамагчы Украіне ваяваць з расійскім фашызмам, маглі цэнтралізавана, групамі, з аднаго месца выязджаць ва Украіну. Прайшоўшы пры гэтым базавую медыцынскую і іншую падрыхтоўку ў час чакання дазволу на ўезд.
Цяпер жа дазволы на ўезд будуць выдавацца праз дыпламатычныя ўстановы Украіны ў індывідуальным парадку, сыходзячы з вынікаў сумоўя.