«Я забыўся пра свой пісталет». Ігара Банцара дапыталі па справе са зброяй

Былы палітзняволены музыкант Ігар Банцар прайшоў допыт па справе яго затрымання са зброяй у Міністэрстве сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве. Ён не пагадзіўся з выстаўленымі артыкуламі і будзе чакаць выкліку ў суд, піша Hrodna.life.

01.08.2024 / 16:13

Ігар Банцэр у Варшаве. Фота: Аляксандр Валодзін

«У паліцыі, у аддзеле па справах адміністрацыйных правапарушэнняў мяне дапытваў паліцэйскі наконт таго, ці здзейсніў я адміністрацыйнае правапарушэнне па чатырох артыкулах КаАП (бо так пракуратура мне панапісвала)», — расказаў Ігар Hrodna.life.

У прысутнасці адваката ён даў тлумачэнні.

«Я не пагадзіўся з аніводным артыкулам, па якім мяне абвінавачвае пракуратура, бо я не прыходзіў спецыяльна са сродкамі самаабароны (легальнымі) да іх, каб перашкодзіць у працы Міністэрства. Я паводзіў сябе адэкватна і не здзяйсняў ніякіх агрэсіўных дзеянняў. Я паведаміў ахове пра наяўнасць у мяне сродкаў самаабароны.

Адзінае, што я забыўся (бо было 34 градусы на вуліцы, а ў мяне галава была занятая маімі праблемамі) пра свой стартавы пісталет, які паводле Закону аб агнястрэльнай зброі — не з’яўляецца зброяй».

Адвакат Банцара склаў хадайніцтва аб забеспячэнні маніторынгу, на якім будзе бачна, што адбывалася ў міністэрстве, і які б пацвярджаў яго версію. Ігару сказалі чакаць выкліку ў суд. Адміністрацыйныя правапарушэнні могуць быць разгледжаныя цягам года ад моманту здзяйснення.

Паводле інфармацыі Банцара, справу могуць закрыць, калі не знойдуць складу адміністрацыйнага правапарушэння. Або будуць зацягваць працэс.

16 ліпеня ў будынку Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве эвакуявалі 150 чалавек. Прычына — беларус, у сумцы якога знайшлі нож, газ, тэлескапічную дубінку і зброю. Гэтым беларусам быў Ігар Банцэр. Ахова будынка выклікала паліцыю, на месца таксама прыбыла пажарная служба.

Музыка Ігар Банцар ужо каля года бамжуе ў Варшаве ФОТЫ

«У Беларусі маю музыку рэкламавала КДБ, а ў Польшчы — паліцыя». Банцар пракаментаваў сваё затрыманне ў Варшаве

Музыку Ігара Банцара вызвалілі з-пад варты

У Варшаве затрымалі былога палітвязня Ігара Банцара — гэта ён прыйшоў у Міністэрства сям'і са зброяй

Nashaniva.com