Абвешчаны збор на рэпатрыяцыю цела памерлага актывіста Дзмітрыя Гарэлькі
Дзмітрый Гарэлька памёр на рабочым месцы ў Варшаве.
01.08.2024 / 08:55
Каманда «Байсол» абвясціла збор, каб перавезці на радзіму цела Дзмітрыя Гарэлькі, які памёр у Варшаве. Пасля завяршэння ўсіх неабходных працэдур, цела Дзмітрыя будзе дастаўлена ягоным бацькам у Гомелі.
Дзмітрый — актывіст з Гомеля, які прымаў удзел у мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Яго часта можна было бачыць у першых шэрагах з нацыянальным сцягам. Мужчына быў судзімы па адміністрацыйных артыкулах і, баючыся пераследу, з'ехаў у Польшчу. Апошнія месяцы Дзмітрый працаваў ахоўнікам у адным з гіпермаркетаў.
25 ліпеня 2024 года Дзмітрый памёр на працоўным месцы. Яму было 42 гады. Паводле варшаўскай паліцыі, смерць была негвалтоўнай. Праводзіцца ўскрыццё, аднак папярэдняя прычына смерці — тромб.
На жаль, працэс рэпатрыяцыі звязаны з вялікімі фінансавымі выдаткамі. Трэба пакрыць усе выдаткі, у тым ліку афармленне дакументаў, транспарціроўку цела і арганізацыю пахавання.
Збор адкрываецца па просьбе актывіста беларускай дыяспары ў Варшаве, Валерыя Сляпухіна. Неабходна сабраць 2000 еўра.