Валейбаліст зборнай Беларусі завяршыў кар'еру і стаў псіхатэрапеўтам у Варшаве

Былы нападнік валейбольнай зборнай Беларусі Артур Удрыс апошні сезон гуляў у кітайскім клубе. Сёлета пастанавіў скончыць спартовую карʼеру, перабраўся з сямʼёю ў Польшчу і ладзіць у Варшаве сеансы псіхатэрапіі. З гульцом, а цяпер псіхолагам і псіхааналітыкам «Белсат» сустрэўся за гадзіну перад пачаткам семінару ў Беларускім моладзевым хабе.

31.07.2024 / 12:05

Артур Удрыс адразу просіць звяртацца да яго на ты. Адкрыта ўсміхаецца, паціскае руку, сядае. Светлая саколка, на нагах — «джорданы» 50-га памеру. 

«Белсат»: — Слухай, а твой рост — 212 см! — не прыгнятае тваіх кліентаў, якія прыходзяць па псіхалагічную дапамогу?

Артур Удрыс: — Ведаеш, я збольшага працую онлайн, таму мае кліенты проста не бачаць, якога я росту [смяецца]. А тыя, хто прыходзіць да мяне офлайн, наадварот, кажуць, што гэта іх супакойвае, яны адчуваюць сябе ўтульна. Я думаю, тут спрацоўвае эфект «бацькоўскай постаці», бо бацька, як правіла, вышэйшы за дзіця. Ну а калі нехта палохаецца, то для мяне гэта такі пункт, які варта разгледзець: калі пужаешся, то, можа, у дзяцінстве што здарылася?..

Артур Удрыс нарадзіўся ў Рызе ў 1990 годзе, але з трох гадоў жыў у Глыбокім, дзе пачаў разам з братам займацца валейболам. Прафесійна пачаў гуляць у менскім «Будаўніку» (2009), потым быў салігорскі «Шахцёр», польскі «AZS Częstochowa», расейскі «Факел», французскі «Tours», грэцкі PAOK, турэцкі «Akkuş Belediyespor», паўднёвакарэйскі «KB Insurance Stars», кітайскія клубы. Артур — былы гулец зборнай Беларусі, адкуль сышоў, асудзіўшы фальсіфікацыі выбараў і гвалт сілавікоў у 2020 годзе. Мае тры вышэйшыя адукацыі: трэнера, эканаміста і псіхолага (Усходне-Еўрапейскі інстытут псіхааналізу). Як псіхолаг і сексолаг дапамагае людзям з нізкаю самаацэнкаю, праблемамі, выкліканымі пачуццём сораму і страху, кансультуе ў пытаннях стасункаў паміж бацькамі і дзецьмі, наладжвае і ўмацоўвае асабістыя межы.

«Пакуль зусім не сумую па валейболе»

— Якое першае пытанне звычайна задаеш кліентам?

— «Што хочаш змяніць у жыцці?» Нехта кажа: хачу стаць шчаслівым. І тады пытаюся: «Як ты зразумееш, што стаў шчаслівым? Што ў тваім жыцці пры гэтым зменіцца?» Словам, перш за ўсё трэба разумець, да чаго ты хочаш прыйсці. Бо калі не разумець гэтага, нікуды не прыйдзеш.

— Ну тады пытаюся ў цябе: што хочаш змяніць у сваім жыцці?

— Я б сказаў, што маю даволі шчаслівае жыццё. У асноўным усё нармальна. Ёсць нейкія фінансавыя пытанні і пытанні наконт працы, але, па вялікім рахунку, усё добра. Што хачу змяніць? Я хачу развівацца.

— Але ў дачыненнях з валейболам паставіў кропку? Як без яго жывецца?

— Ведаеш, добра! Насамрэч я вельмі стаміўся: 15 гадоў аддаў прафесійнаму валейболу. Гэта вялікі адрэзак жыцця. І даволі яркі. І там рознае было — і добрае, і кепскае. Але цяпер зусім не сумую па валейболе. І жонцы распавядаю, як жа гэта добра: прыходзіш у трэнажорную залу — і табе не трэба «пахаць». 

І на душы неяк адлягло. Хоць, вядома, разумею, што пройдзе стомленасць і настане яшчэ перыяд, калі захочацца працягнуць. Напэўна, будзе такі. Чакаю і ведаю, як даць з гэтым рады. Але цяпер зусім пра тое не думаю.

— У ранейшых інтэрвʼю ты называў розныя краіны, дзе мог бы атабарыцца, пакуль не можаш вярнуцца ў Беларусь. Але канчаткова ўсё ж — Польшча?

— Так, застаёмся з сямʼёю тут. Дачка Кіра, ёй 7 гадкоў, ужо вельмі добра гаворыць па-польску. Пойдзе ўвосень у школу. Сыну Даніэлю праз два тыдні споўніцца тры гады. Ну, ён яшчэ па-свойму гаворыць. Але ўжывае беларускія слоўцы. Польскую разумее, але пакуль што маўчыць на ёй.

«Помню пах, калі цеплілі лазню…»

— У цябе, дарэчы, цудоўная беларуская мова. Гэта з твайго глыбоцкага дзяцінства? Бо ў зборнай наўрад ці камунікавалі па-беларуску?

— Так, у зборнай не размаўлялі. Насамрэч я ж скончыў беларускамоўную школу ў Глыбокім. Напэўна, астатнюю беларускамоўную ў Віцебскай вобласці. Таму так, я размаўляў у дзяцінстве па-беларуску. Потым мова вярнулася да мяне ў 2020-м. І яшчэ больш — у 2022 годзе, калі пачалася вайна ва Украіне

Хацелася псіхалагічна адмежавацца ад гэтага: маўляў, мы не расейцы, у нас свая нацыянальнасць і свая ідэя, і мы не пачыналі гэтай вайны. Тады з сябрамі пастанавілі размаўляць па-беларуску.

Дагэтуль з многімі размаўляем, папраўляем адзін аднаго, бо разам жа пачыналі. Мне здаецца, тады гэта нарадзілася шмат у каго з майго асяроддзя.

— Глыбокае — валейбольны гарадок?

— Ёсць такое. Хоць я б не назваў яго валейбольным, але там быў мой першы трэнер — Іван Дубіна, цяпер старшы трэнер салігорскага «Шахцёра», ён не толькі мне даў добры старт у валейболе.

— Згадаеш самы светлы момант свайго глыбоцкага дзяцінства?

— Не ведаю, у школе не сказаць, каб было ўсё вельмі добра. Шмат розных успамінаў. Напэўна, самыя яркія моманты тыя, што звязаныя якраз з валейболам і маім трэнерам. У валейбол я пачаў гуляць у 10 гадоў…

Яшчэ памятаю, як было добра, калі бываў у доме бабулі. І гэты пах, калі цеплілі лазню… Цяпер дзе-небудзь ловіш падобны — і ўсё нібыта вяртаецца.

«Спартовы свет вельмі карумпаваны»

— Пах дзяцінства. А ніколі не шкадаваў, што заняўся менавіта валейболам, у якім Беларусь ніводнага разу не прабілася на Алімпіяду?

— Было б цікава згуляць на Алімпіядзе. Але я адкажу так. У мяне часам пытаюцца, ці нязручна мець такі вялікі рост, і я адказваю, што я амаль ніколі не быў невысокім. У 18 гадоў быў ужо за два метры.

Я не ведаю, што значыць быць меншага росту. 

Тое сама і з Алімпіядаю. Не ведаю, як там насамрэч. Але ведаю шмат спаборніцтваў, якія звонку выглядаюць вельмі прэзентабельна, а знутры — зусім па-іншаму: цяжкія псіхалагічныя нагрузкі і гэтак далей. Я не ведаю, як выглядае Алімпіяда з боку спартоўцаў. У мяне ніколі не было такога, каб я шкадаваў, што я не скакун у вышыню, напрыклад, ці не скакун з кіем. Гэта шчыра.

— Але ці будзеш заўзець за беларускіх спартоўцаў, якіх дапусцілі на Алімпійскія гульні ў Парыжы? 17 чалавек, па-мойму…

— Прызнаюся, я нават не глядзеў, колькі іх там. Ну не. Вядома, не. Я, шчыра кажучы, заўзеў бы, калі б там былі мае знаёмыя. Відавочна, што цяпер іх там няма. Заўзець чыста за краіну? Ізноў жа, якую частку нацыі прэзентуюць тыя спартоўцы? Думаю, раскол у беларускім грамадстве цяпер даволі значны. Ясна, яны прадстаўляюць не тую частку грамадства, з якой я сябе атаясамліваю, і ніякіх асабістых сувязяў з імі ў мяне няма, таму — няма за каго заўзець.

— Шмат хто лічаць несправядлівым, што рэжымных спартоўцаў МАК увогуле дапусціў да ўдзелу ў Гульнях.

— Я не ведаю, што гэта за спартоўцы з чалавечага пункту гледжання. Можа, сярод іх сапраўды ёсць тыя, хто ўсё жыццё рваў жылы, трэнаваўся, каб туды трапіць, для каго Алімпіяда была мараю жыцця і хто маўчаў толькі таму, што хацеў трапіць на гэтыя Гульні. Можа, і ёсць такія, не ведаю.

Што да допуску, то для мяне гэта не было неспадзяванкаю, бо спартовы свет, асабліва арганізацыі такога маштабу, вельмі карумпаваны. Я быў упэўнены, што яны знойдуць якую-небудзь паўмеру. Гэта як з допінгавым скандалам на Алімпіядзе ў Сочы, калі расейцам у якасці кары забаранілі цягам 4 гадоў выступаць пад сваім сцягам. Для мяне гэта смешна! Яны парушылі ўсё, што толькі можна было парушыць. І што?.. Таму МАК не тая арганізацыя, ад якой варта было чакаць справядлівых рашэнняў.

«Не вельмі любіў ездзіць у нацыянальную зборную Беларусі»

— Ты жывеш у валейбольнай краіне. У Парыжы палякі будуць, пэўна, біцца за медалі. Уяві сабе, што ты на пару гадоў маладзейшы, у выдатнай форме і цябе запрашаюць згуляць за Польшчу. Гіпатэтычна. Даеш згоду?

— Цікавае пытанне. Тут рэч у тым, дзеля чаго. Заўсёды думаў, што мы збіраемся, каб не за нейкія медалі біцца і нешта выгульваць, а мы — калектыў, які вырашае пэўныя задачы і развязвае праблемы. Адно цэлае. Дружына — вось добрае слова. Я, дарэчы, не вельмі любіў ездзіць у нацыянальную зборную Беларусі, бо адчуваў, што мой погляд не ўсім блізкі. Далёкі, я б сказаў. Там былі спартовыя функцыянеры, якія прыязджалі і казалі: вы мусіце зрабіць тое і сёе, вы павінны і гэтак далей. І вось гэта ў мой сусвет зусім не клалася.

Каб я доўгі час гуляў у Польшчы, каб тут былі мае сябры і знаёмыя, каб я падзяляў іхныя думкі і памкненні, то так, згадзіўся б. Але не проста дзеля таго, каб потым распавядаць усім, што я пабываў на Алімпіядзе…

— То бок ты разумееш выбар беларусак, якія згадзіліся выступаць на Гульнях пад польскім сцягам?

— Так, вядома. Пагатоў яны выступаюць у індывідуальных відах, таму ім, напэўна, лягчэй. Ты прадстаўляеш сябе і ўсё.

«Спорт заўсёды звязаны з палітыкаю»

— Некалькі тыдняў таму нобелеўскія лаўрэаты заклікалі перад Алімпійскімі гульнямі спыніць агонь ва Украіне, сектары Газа і ўва ўсім свеце. Як думаеш: гэты зварот мог бы запусціць працэс мірных перамоваў?

— Мне здаецца, нобелеўскія лаўрэаты крыху адарваныя ад рэчаіснасці.

Калі Расея бамбардуе шпіталь ці дзіцячы садок, то трэба разумець, што ніякія звароты на гэтую краіну не дзеюць. Напэўна, аўтары звароту проста не разумеюць, да каго звяртаюцца, не разумеюць, што на тым баку няма людзей, з якімі можна дамаўляцца.

І што гэты прыгожы старажытны прынцып спынення войнаў падчас Алімпіяды даўно не працуе. Як не працуе, напрыклад, правіла «не бамбіць цывільнага насельніцтва». Пуцін праз два словы кажа пра сваю ядравую зброю, дык якія ўвогуле тут могуць быць прынцыпы.

— Спорт не можа спыніць вайны, не можа быць вышэйшы за палітыку. А ці можа быць па-за палітыкаю?

— Спорт так ці інакш заўсёды звязаны з палітыкаю.

Насамрэч фраза «спорт па-за палітыкаю» — добры інструмент маніпуляцыі.

Калі мне раілі не мяшаць спорту ў палітыку, я адказваў, што «нельга забіваць і катаваць людзей» — гэта не палітыка. Спартовец, як і іншы грамадзянін, мае права і мусіць казаць пра гэта. Я ж не крычу: «галасуйце за Латушку!» ці «галасуйце за Святлану Ціханоўскую

Увогуле спорт палітычны па сваёй сутнасці. Што можа быць больш палітычным, чымся прадстаўляць сваю дзяржаву і на спаборніцтвах намагацца перамагчы прадстаўнікоў іншай краіны?

«Магу гуляць дрэнна — свет праз гэта не перакуліцца»

— Наконт перамагчы. Падзяліся як псіхолаг, што трэба мець у галаве, каб на валейбольнай пляцоўцы ўсё ішло як мае быць — і да перамогі.

— Я называю гэта «залатою таблеткаю». Для кожнага яна можа быць розная. Залежыць шмат ад якіх фактараў. Ад тэмпераменту і гэтак далей. Я, напрыклад, навучыўся сябе адпускаць. То бок трымаў у галаве, што магу гуляць дрэнна — свет праз гэта не спыніцца і не перакуліцца. Недзе восем гадоў таму я хадзіў да аднаго псіхолага, і гэта было першае, над чым мы працавалі.

І вось парадокс: калі сказаў сабе, што магу гуляць дрэнна, — стаў гуляць лепш.

Універсальнае правіла. Яно і ў жыцці працуе. А яшчэ апошнія два — тры гады пачаў гуляць эмацыйна. Проста стаў дазваляць сабе эмоцыі. Гэта таксама дапамагае. І дзеткам сваім таксама кажу: вы маеце права на ўсе эмоцыі.

— Можа, нашай дэмакратычнай супольнасці, як дружыне, трэба адпусціць сябе і дапусціць, што мы можам гуляць дрэнна?

— Менавіта так. І зразумець, што маем права на розныя эмоцыі. Гэта нармальна. І вядзе да перамогі.

— Дзякуй вялікі. Я падчас гутаркі не маніпуляваў табою?

— Не [смяецца]. Я сачыў за тваімі пытаннямі. Маніпуляцыі — гэта заўжды пра дзеянні, заўжды вядуць да нейкіх дзеянняў. Гэтага не было. Файна паразмаўлялі, дзякуй.

Маніпуляцыя, паводле Удрыса, — гэта псіхалагічнае ўздзеянне з мэтаю прыхавана змяніць успрыманне і паводзіны іншага чалавека. Падчас сустрэчы ў Моладзевым хабе Артур Удрыс апавядаў пра эга-станы чалавека — бацькоўскі, дарослы і дзіцячы, пра паралелі трансакцыяў і квадрат «Ok — Ok», у якім можна пазбегчы маніпуляцыяў. Даваў парады, як ёй можна супрацьстаяць.

«Два дамінантныя пачуцці пры маніпуляцыі — гэта страх і віна», — сцвярджае псіхолаг і былы валейбаліст.

Nashaniva.com