Пасля забойства дзяцей у англійскім Саўтпарце ўспыхнулі беспарадкі, 39 паліцэйскіх параненыя

У панядзелак падчас нападу на танцавальны гурток, прысвечаны вывучэнню творчасці Тэйлар Свіфт, зарэзалі трох дзяўчынак, некалькі дзяцей былі параненыя. 

31.07.2024 / 07:15

James Speakman/PA Images via Getty Images

У брытанскім горадзе Саўтпарт каля Ліверпула, дзе ў панядзелак у дзіцячым танцавальным клубе былі зарэзаныя тры дзяўчынкі і параненыя яшчэ некалькі дзяцей, на наступны дзень успыхнулі беспарадкі з антыісламскай падаплёкай, піша Бі-бі-сі.

Трагедыя здарылася, калі праводзіўся заняткі, прысвечаны вывучэнню творчасці Тэйлар Свіфт.

Некалькі соцень мужчын, як мяркуецца брытанскіх радыкальных нацыяналістаў, пачалі закідваць камянямі, бутэлькамі і іншымі прадметамі мясцовую мячэць і паліцэйскіх, якія спрабавалі перашкодзіць ім, а затым падпалілі мікрааўтобус паліцыі і смеццевыя кантэйнеры.

Мясцовая служба хуткай дапамогі цягам першай гадзіны ночы абвясціла, што траўмы атрымалі 22 паліцэйскія і 11 з іх адпраўленыя ў бальніцу, а праз паўтары гадзіны паведаміла, што параненыя ўжо 39 паліцэйскіх, з іх 27 дастаўлены ў бальніцу, астатнім дапамога аказана на месцы. Сама мясцовая паліцыя ўдакладніла, што сур'ёзныя траўмы — пераломы, парэзы і кантузіі — атрымалі дзевяць яе супрацоўнікаў.

Акрамя таго, пацярпелі тры паліцэйскія сабакі: у двух — траўмы лап ад кінутых цаглін, у аднаго — апёкі. Удзельнікаў беспарадкаў сярод пацыентаў хуткай дапамогі не аказалася.

Паліцыя ў сваіх заявах усяляк пазбягае згадкі ісламу і мусульман, але з заявы рэгіянальнай ісламскай арганізацыі і агульнага кантэксту ясна, што беспарадкі зладзілі людзі, якія вырашылі, быццам юнак, арыштаваны па абвінавачванні ў забойствах у дзіцячым клубе — мусульманін і радыкальны ісламіст.

Яны прыйшлі да такой высновы на падставе паведамленняў, якія разляцеліся ў сацсетках. Паліцыя запэўнівае, што верыць гэтым паведамленням нельга.

«Вакол статусу 17-гадовага юнака, які цяпер знаходзіцца пад вартай у паліцыі, было шмат спекуляцый і здагадак, і некаторыя людзі выкарыстоўваюць гэтую акалічнасць, каб зладзіць беспарадкі на нашых вуліцах. Мы ўжо заявілі, што арыштаваны нарадзіўся ў Вялікабрытаніі, і спекуляцыі цяпер нікому не дапамагаюць», — заявіў памочнік галоўнага канстэбля Алекс Гос.

Арыштаваны юнак, паводле звестак паліцыі, нарадзіўся ў сталіцы Уэльса Кардыфе, а жыў у вёсцы Бэнкс побач з Саўтпартам.

Беспарадкі ўспыхнулі неўзабаве пасля жалобнай цырымоніі, на якую сабраліся жыхары Саўпорта.

Паліцыя Мерсісайда — рэгіёну з цэнтрам у Ліверпуле — мяркуе, што гэтую цырымонію як нагоду сабрацца і напасці на мячэць выкарыстоўвалі радыкальныя нацыяналісты з ліку прыхільнікаў антыісламскай Лігі абароны Англіі (English Defence League, EDL).

Былы лідар EDL Томі Робінсан, які жыве ў эміграцыі, заявіў у сваім тэлеграм-канале, што гэтая арганізацыя ўжо дзесяць гадоў як не існуе.

Арганізацыя «Сетка мячэцяў рэгіёну Ліверпул» заявіла, што мясцовая мусульманская абшчына не мае ніякага дачынення да забойства дзяцей у Саўтпарце.

«Невялікая меншасць спрабуе паказаць справу так, быццам гэта бесчалавечнае дзеянне неяк звязана з мусульманскай суполкай. Не, не звязана», — гаворыцца ў заяве аб'яднання мячэцяў.

«Сетка мячэцяў рэгіёну Ліверпул» заяўляе, што шакаваная забойствам у Саўтпарце і заклікае «не саступаць тым, хто хоча раз'яднаць нас і пасеяць нянавісць».

Беспарадкі рэзка асудзілі прэм'ер-міністр Брытаніі Кір Стармер і міністр унутраных спраў Івет Купер.

Саўтпарт (Southport) — прыморскі курортны горад у 27 км на поўнач ад Ліверпула. У ім жывуць каля 94,5 тысячы чалавек і толькі крыху больш за тысячу з іх — мусульмане.

Тэйлар Свіфт пасля інцыдэнту ад рукі напісала і размясціла ў сацсетках пранікнёны пост, а яе фанаты за суткі сабралі паўтары сотні тысяч фунтаў дапамогі сем'ям загінулых і пацярпелых.

Nashaniva.com