Палітвязня Юрыя Зянковіча, асуджанага на 11 гадоў за «справу змоўшчыкаў», будуць судзіць па новай справе
Прычым яму ў снежні 2022 года дакінулі паўгода.
30.07.2024 / 13:14
Фота: sb.by
Палітвязня Юрыя Зянковіча, асуджанага на 11 гадоў за «справу змоўшчыкаў», будуць судзіць па новай справе.
Юрый — юрыст, асуджаны па «справе змоўшчыкаў». Яго абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў і прысудзілі 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, нагадвае «Вясна».
27 снежня 2022 года ў судзе Мядзела разглядалася новая справа супраць Юрыя аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Па папярэдняй інфармацыі, Зянковічу тады дадалі яшчэ паўгода.
Спачатку Юрый адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі № 2, дзе на яго аказваўся ціск. Палітвязень правёў у ШІЗА 8 дзён і абвяшчаў галадоўку. Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
Цяпер стала вядома, што 7 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва палітвязня пачнуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы» паводле ч. 2 арт. 411 КК. Справу будзе разглядаць суддзя Вікторыя Палякова.
Месца ўтрымання Юрыя: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А