Улады ЗША і іншых краін заклікаюць сваіх грамадзян пакінуць Ліван. Бейрут у чаканні ўдару
Ліван чакае ваеннага адказу з боку Ізраіля на меркаваны ракетны ўдар «Хезбалы» па Галанскіх вышынях.
30.07.2024 / 07:27
У суботу ракета выбухнула побач з дзіцячай пляцоўкай у Мадждаль-Шамсе. Загінулі 12 падлеткаў і маладых людзей. Фота: Jalaa Marey / Agence France-Presse / Getty Images
Урады шэрагу заходніх краін заклікаюць сваіх грамадзян пакінуць Ліван на фоне эскалацыі напружанасці паміж Ізраілем і баевікамі «Хезбалы», што падтрымліваецца Іранам, паведамляе Голас Амерыкі.
Ліван чакае ізраільскага вайсковага адказу на меркаваны ракетны ўдар «Хезбалы», у выніку якога ў суботу загінулі 12 друзскіх дзяцей і маладых людзей на футбольным полі на Галанскіх вышынях.
Ізраіль заявіў, што прыме меры ў адказ. Цывільнае насельніцтва рыхтуецца да таго, што, па словах афіцыйных асоб, можа прывесці да шматдзённых баёў.
Злучаныя Штаты, Германія, Брытанія і Францыя папярэдзілі сваіх грамадзян аб неабходнасці неадкладна пакінуць Ліван або пазбягаць паездак туды з-за рэзка ўзрослай рызыкі абвастрэння канфлікту.
Памочнік сакратара па консульскіх пытаннях пасольства ЗША ў Бейруце Рэна Бітэр заклікала амерыканцаў у Ліване «скласці крызісны план дзеянняў і пакінуць краіну да пачатку крызісу».
«Мы рэкамендуем грамадзянам ЗША распрацаваць план дзеянняў на выпадак крызісу і пакінуць краіну да яго пачатку, — сказала Бітэр. — Рэгулярны транспарт заўсёды з'яўляецца найлепшым варыянтам, пакуль мясцовыя камунікацыі і транспартная інфраструктура яшчэ не пашкоджаныя і працуюць нармальна».
Часовы міністр замежных спраў Лівана Абдула Бу Хабіба ў каментары тэлеканалу CNN сказаў, што ліванскі ўрад мала што можа зрабіць, каб утаймаваць «Хезбалу», але дадаў, што лініі сувязі застаюцца адкрытымі.
«Прэм'ер-міністр, вядома ж, спікер размаўляюць з імі, вядзецца шмат перамоў, — заявіў ён. — Спыніць іх мы не можам, таму што яны пачалі гэта ў падтрымку насельніцтва Газы», — сказаў ён.
Спецпасланнік ЗША Амос Хохштайн выказаў занепакоенасць тым, што «пралік або няшчасны выпадак «з удзелам грамадзянскіх асоб можа прымусіць «любую з краін прыняць меры ў адказ, якія прывядуць да вайны».
Нанясенне ўдару па Бейруце, папярэдзіў ён, можа прывесці да сур'ёзнай эскалацыі.
На Галанскія вышыні прыляцела ракета, загінулі як мінімум 10 дзяцей і падлеткаў
Ізраіль папярэдзіў пра магчымасць поўнамаштабнай вайны з «Хезбалой»
Ізраіль адказаў на гібель людзей на футбольным полі ўдарамі па «Хезбалле» ў Ліване