Сабакі чуюць па паху, калі чалавек у стрэсе. І вось што яны тады робяць

Вучоныя высветлілі новыя цікавыя факты пра сабак і іх паводзіны.

03.08.2024 / 18:33

Удзельнік даследавання Фрэдзі сядзіць побач са слоікам з узорам паху ў чаканні пачатку тэсту. Фота: Універсітэт Брысталя

Вынікі новага даследавання навукоўцаў з Універсітэта Брыстоля былі апублікаваныя ў часопісе Scientific Reports.

Для свайго эксперыменту навукоўцы набралі 18 сабак розных парод векам ад васьмі месяцаў да дзесяці гадоў.

Падчас выпрабаванняў сабак навучылі таму, што міска з ежай знаходзіцца ў канкрэтным месцы, калі ў іншым, то ежы там няма. Як толькі сабака разумеў розніцу паміж гэтымі месцамі місак, ён хутчэй падыходзіў да месца з пачастункам, чым да пустога месца.

Потым даследчыкі праверылі, як хутка сабака падыходзіў да міскі з ежай, якая размешчаная ў адным з трох новых месцаў паміж двума зыходнымі.

Хуткі падыход адлюстроўваў «аптымізм» адносна прысутнасці ежы ў гэтых неадназначных месцах. Гэта служыла маркёрам станоўчага эмацыйнага стану. Павольны падыход сведчыў пра «песімізм» і адмоўныя эмоцыі.

На наступным этапе перад тым, як пусціць сабак да выбару міскі, іх падвяргалі ўздзеянню паху поту невядомых ім людзей (усяго было набрана адзінаццаць добраахвотнікаў). Гэтыя пахі сабралі ў той час, калі ўдзельнікі вырашалі складаныя матэматычныя задачы, што выклікала ў іх стрэс, альбо слухалі заспакаяльную музыку, якая выклікала расслабленне.

Вынікі паказалі, што сабакі, якія ўдыхнулі пах расслабленага чалавека, хутчэй падыходзілі да міскі, якая знаходзілася ў новым месцы, дэманструючы тым самым аптымізм адносна таго, што ў місцы будзе ежа. Тыя ж сабакі, якія адчулі пах стрэсу, паводзілі сябе асцярожней, што вучоныя інтэрпрэтавалі як песімізм.

Даследчыкі мяркуюць, што такая «песімістычная» рэакцыя адлюстроўвае негатыўны эмацыйны стан і, магчыма, для сабакі гэта спосаб эканоміць энергію і пазбягаць расчаравання.

На думкі аўтараў, іх адкрыццё можа дапамагчы прафесійным кінолагам і ўладальнікам сабак зразумець, як іх уласныя эмоцыі ўплываюць на дрэсіроўку сабак. Гэта таксама можа быць важным фактарам для службовых сабак, якія выконваюць функцыі ў стрэсавых умовах, напрыклад, у паліцыі ці пры правядзенні пошукава-выратавальных аперацый.

«Сабачнікі ведаюць, наколькі іх гадаванцы ўспрымальныя да іх эмоцый, але тут мы паказваем, што нават пах незнаёмага чалавека, які знаходзіцца ў стрэсе, уплывае на эмацыйны стан сабакі, яго ўспрыманне ўзнагароды і здольнасць да навучання. Кінолагі часта апісваюць стрэс, які перадаецца па шворцы, але мы таксама паказалі, што ён можа перадавацца і па паветры», — адзначаюць аўтары.

Якія сабакі жывуць даўжэй за астатніх? Аказваецца, можна вызначыць па носе

«Газоны чыстыя, брэх не раздражняе». У Мінску выгульвалі сабаку-робата

Ніколі не здагадаецеся, чаму сабакі нахіляюць галаву

Як часта трэба сустракацца з сябрамі, каб добра сябе адчуваць? І пры чым тут пахі?

Nashaniva.com