У Францыі арыштавалі ўльтралевага актывіста. Яго падазраюць у дыверсіях на чыгунцы

Тым часам, у панядзелак у некалькіх раёнах Францыі былі здзейснены новыя дыверсіі на оптавалакновых кабелях.

29.07.2024 / 12:31

Ілюстрацыйнае фота: Francois Lochon / Gamma-Rapho via Getty Images

Улады арыштавалі актывіста ўльтралевага руху на аб'екце, які належыць чыгуначнай кампаніі SNCF; яго падазраюць у актах сабатажу, якія некалькі дзён таму паралізавалі працу сеткі, паведамляе Бі-бі-сі.

Мужчыну затрымалі ў нармандскім Уаселі на поўначы Францыі ў нядзелю, у яго былі ключы ад тэхнічных памяшканняў SNCF, інструменты і літаратура, звязаная з ультралевымі рухамі, паведамляюць крыніцы ў паліцыі.

Пакуль рана казаць, ці звязаны гэты чалавек з актамі сабатажу, якія паралізавалі французскую чыгуначную сетку ў мінулую пятніцу. Зараз гэты чалавек дапытваецца французскай паліцыяй.

Тым часам, у панядзелак у некалькіх раёнах Францыі былі здзейснены новыя дыверсіі на оптавалакновых кабелях.

Тэлекамунікацыйныя аб'екты, якія належаць французскай кампаніі SFR, падвергліся актам вандалізму ў ноч на панядзелак, паведамляе Le Parisien.

Па даных выдання, у розных раёнах Францыі былі перарэзаны кабелі ў электрычных шафах, што паўплывала на працу фіксаванай сувязі. На гэты момант невядома, ці ёсць сувязь паміж актамі вандалізму на аб'ектах тэлекамунікацый і дыверсіямі на чыгуначнай сетцы на мінулым тыдні.

Міністр унутраных спраў Францыі Жэральд Дарманен заявіў у панядзелак, што праваахоўныя органы «выявілі пэўную колькасць профіляў», якія маглі здзейсніць дыверсію ў ноч на пятніцу супраць чыгуначнай інфраструктуры.

«Гэта традыцыйныя метады ўльтралевых, і некаторыя людзі могуць быць звязаныя з гэтымі рухамі, але я пачакаю, пакуль не паступяць усе элементы расследавання», — сказаў міністр у эфіры тэлеканала France 2, кажучы пра акты сабатажу, якія адчувальна ўскладнілі рух транспарту перад цырымоніяй адкрыцця Алімпіяды.

У дзень адкрыцця Алімпіяды ў Парыжы 26 ліпеня Нацыянальная кампанія чыгунак Францыі (SNCF) паведаміла аб серыі падпалаў сістэм пуцявой сігналізацыі. Многія цягнікі былі затрыманыя ці адмененыя. Інцыдэнт закрануў каля 800 тысяч пасажыраў.

У панядзелак у міністэрстве транспарту паведамілі, што ўсе высакахуткасныя маршруты цягнікоў аднавілі працу ў нармальным рэжыме.

У дзень цырымоніі адкрыцця Алімпіяды ў Францыі адбыліся дыверсіі на чыгунцы

Пастаноўшчык цырымоніі адкрыцця Гульняў у Парыжы адказаў на крытыку

Тынейджарка з Японіі стала алімпійскай чэмпіёнкай у 14 год. Прычым у якой дысцыпліне!

Алімпійскага каментатара Eurosport адхілілі ад працы за сэксісцкае выказванне ў эфіры

Яшчэ адзін з запамінальных момантаў адкрыцця Алімпіяды: выкананне геніяльнай Imagine на ахопленым агнём раялі ВІДЭА

Nashaniva.com