Тынейджарка з Японіі стала алімпійскай чэмпіёнкай у 14 год. Прычым у якой дысцыпліне!

6 жніўня ў дысцыпліне «парк» выступіць кітаянка, якой усяго 11 год.

29.07.2024 / 09:42

Како Ёшыдзава. Фота: Julian Finnet / Getty Images

Спаборніцтвы па скейтбордынгу праходзяць ужо на другой Алімпіядзе запар. І на другой Алімпіядзе ў іх перамагаюць падлеткі. 28 ліпеня ў спаборніцтвах дзяўчат у дысцыпліне «стрыт» выйграла 14-гадовая дзяўчынка, піша Championat.com.

У фінал «стрыту» выйшлі восем скейтбардыстак. Сярод іх прызёры папярэдняй Алімпіяды: 16-гадовая бразільянка Раіса Леал, якая ўзяла срэбра ў Токіа, і 19-гадовая японка Фуна Накаяма — бронзу. Памылак тут няма, на мінулых гульнях дзяўчынкам было ўсяго 13 і 16 адпаведна.

А перамогу ў Токіа тры гады таму атрымала 13-гадовая японка Мамідзі Нісія. У Парыжы яе няма, але ў фінале ў Японіі і без алімпійскай чэмпіёнкі было самае саліднае прадстаўніцтва — тры з васьмі ўдзельніц.

Яшчэ перад стартам фіналу стала зразумела, што ўзроставы рэкорд пабіць не атрымаецца — самай юнай фіналістцы «стрыту» ўжо споўнілася 14.

І менавіта 14-гадовая Како Ёсідзава стала чэмпіёнкай. Яна амаль на сем балаў апярэдзіла сваю суайчынніцу — 15-гадовую Ліз Акаму. Замкнула тройку прызёраў сярэбраная медалістка Токіа Раіса Леал. Ёй, нагадаем, 16.

«Я адчувала, што ў чымсьці мне не хапала практыкі і што я была занадта асцярожная. Мне трэба пераасэнсаваць фінал», — сказала Ёсідзава.

Мяркуючы па словах, гэтая юная чэмпіёнка вельмі патрабавальная да сябе. Зрэшты, пытанні да свайго выступлення былі і ў Акамы, якая наракала на тое, што не змагла выканаць свой асаблівы трук. Задаволенай была толькі бразільянка.

«Цяпер я ведаю, што такое сапраўдныя Алімпійскія Гульні. Тут так шмат бразільскіх заўзятараў. Гэта вар'яцтва! Я старалася з усіх сіл, зрабіла ўсё, што магла, і я сапраўды шчаслівая!» — радавалася Леал.

Застаецца толькі дадаць, што 14-гадовыя спартсменкі — не самыя маладыя ўдзельніцы спаборніцтваў па скейтбордынгу на Алімпіядзе ў Парыжы. 6 жніўня ў дысцыпліне «парк» выступіць кітаянка Чжэн Хаахаа. Дзяўчынцы ўсяго 11 гадоў. 

Пастаноўшчык цырымоніі адкрыцця Гульняў у Парыжы адказаў на крытыку

Беларуска Аліна Змушка прабілася ў фінал у плаванні на 100 м брасам

Арганізатары Алімпіяды папрасілі прабачэння за адсылку да «Тайнай вячэры» на цырымоніі адкрыцця

На цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў дыктар пераблытаў дзве Карэі. Запахла міжнародным скандалам

Gojira дала чаду на адкрыцці Алімпіяды ВІДЭА

Nashaniva.com