Па-беларуску выйдзе відэагульня пра старажытных славян

Распрацоўшчыкі абяцаюць, што ў гульні можна будзе наведаць некаторыя гістарычныя мясціны Беларусі.

29.07.2024 / 11:25

Паселішча, якое нам давядзецца развіваць і абараняць у Song of Slavs. Скрыншот гульні

Song of Slavs (Песня славян) ад незалежных беларускіх распрацоўшчыкаў Sleeping Fox Studio — гэта двухмерная сайд-скролер стратэгія, у якой трэба развіваць сваё паселішча. Гульня выканана ў прыгожай стылістыцы піксель-арта. Музыка са славянскімі матывамі і гукі традыцыйнага побыту дазволяць пагрузіцца ў атмасферу славянскай культуры.

Гульцам давядзецца прыняць на сябе ролю мясцовага цара. Скрыншот са Steam

Гульцам дастанецца роля цара — лідара, якому давядзецца сабраць армію адважных герояў і мудрых шаманаў, каб абараніць свае землі. У гульні трэба будзе шукаць баланс паміж баявой моцай і дабрабытам паселішча. Кожнае рашэнне будзе мець наступствы. 

Можна прыручыць коней, каб ваш персанаж перасоўваўся хутчэй, а сяляне маглі пераводзіць больш рэсурсаў. Скрыншот гульні

Развіваючы сваё паселішча, можна будзе прыручаць жывёл, напрыклад, каня можна будзе асядлаць, каб хутчэй перасоўвацца, ствараць вазы для сялян і новыя тыпы войнаў, бык дапаможа ў гаспадарцы, а дзіка можна прынесці ў ахвяру багам.

У паселішчы можна будзе пабудаваць ферму, хлявы, лазні, дамы і іншыя пабудовы, якія дадуць бонусы для развіцця. Не варта забываць і пра ўмацаванне абарончых збудаванняў. 

Для развіцця паселішча трэба будаваць неабходныя для яго будынкі. Скрыншот са Steam

Калі вы будзеце добрым кіраўніком, то паселішча будзе расці і ператворыцца ў славуты горад старажытных славян. Для гэтага давядзецца пры любым надвор’і днём і ўначы кіраваць сваёй вотчынай, размяркоўваць абавязкі сярод пасяленцаў і абараняць іх ад пагроз звонку.

Спакойна будаваць свой горад гульцам не дадуць процьмы ворагаў. Скрыншот са Steam

Паселішча будзе атакаваць процьма каварных ворагаў і крыважэрных монстраў, супраць якім можна выставіць больш воінаў, а можна прынесці ахвяру і атрымаць боскую дапамогу.

Кожны воін у свіце гульца можа стаць унікальным з дапамогай баявой сістэмы, завязанай на атрадзе і білдах кожнага асобнага воіна.

Цар са сваёй світай. Скрыншот са Steam

Важнай часткай гульні будзе язычніцкая вера. Старажытныя дубы — гэта каштоўны рэсурс, але і матэрыял для стварэння магутных ідалаў, якія дапамогуць абараніць паселішча. Гулец зможа сам выбраць, якому ідалу прынесці ахвяру. Ахвяраваць ідалу можна будзе як ежу, так і якога-небудзь з пасяленцаў — усё дзеля агульнага міру і дабрабыту.

Аднаго з пасяленцаў прынеслі ў ахвяру язычніцкаму ідалу. Скрыншот гульні

Як паведамляе тэлеграм-канал «Беларускі геймер», распрацоўшчыкі заяўляюць, што гульцы змогуць наведаць старажытны Тураў. Гэта ўжо другая гульня пасля Tales of Meadows, у якой нам абяцаюць паказаць гэты старажытны беларускі горад.

Дата рэлізу не называецца. Сярод заяўленых моў ёсць не толькі англійская і руская, але і беларуская. 

Паводле інфармацыі канала, у гульні будзе не толькі пераклад інтэрфейсу і субцітраў, але і паўнавартасная беларуская агучка. Здаецца, беларуская мова, культура і гісторыя становяцца трэндам сярод маладых айчынных студый.

Як будзе выглядаць відэагульня пра старажытны Тураў

Японцы патрабуюць адмяніць гульню пра чарнаскурага самурая

Мінская студыя выпусціла дэма відэагульні, у якую можна будзе пагуляць па-беларуску

Sony саступіла карыстальнікам пасля грандыёзнага скандалу

Ф. Раўбіч