Конніца Вольга Сафронава, якая выступае за Польшчу, на Алімпіяду зноў не трапіла
Конніца Вольга Сафронава, якая пасля вымушанага ад'езду з Беларусі стала выступаць за Польшчу, прапусціць гульні ў Парыжы, піша «Люстэрка».
27.07.2024 / 20:48
Вольга Сафронава і яе конь па мянушцы Сандра дэ Амор. Фота: інстаграм-акаўнт Сафронавай
«Як вядома, у сярэдзіне чэрвеня я выканала кваліфікацыйныя патрабаванні для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях. Першапачаткова меркавалася, што ў Францыю адправяцца шэсць пар, якія адабраліся, а ўжо на месцы стануць вядомыя тры пары для выступаў. Але мне сказалі, што я не еду.
На самай справе гэта доўгая гісторыя, удавацца ў якую сёння няма жадання. Калі коратка, то патлумачылі трэнерскім рашэннем. Так, з коньмі можа здарыцца ўсялякае, ёсць рызыкі пры транспартоўцы, павінны быць і запасныя, але вось прынята такое рашэнне. Маўляў, акрамя правілаў існуе і трэнерская інтуіцыя.
Я вынесла ўрок з гэтай сітуацыі … Не факт, што спаборнічала б, але ж трапіла ў пашыраны склад і ўжо настроілася на паездку на Алімпіяду. Як бы там ні было, я збіраюся працягваць выступленні і прыкладу ўсе сілы, каб апынуцца на наступных гульнях», — расказала Сафронава «Люстэрку».
Гэта другая Алімпіяда, якую прапусціць спартсменка. Раней двухразовая чэмпіёнка Беларусі (2020, 2021), фіналістка Кубка свету — 2019 Вольга Сафронава заваявала ліцэнзію на АГ-2020 у Токіа, але яе не пусцілі на гульні, спаслаўшыся на заключэнне ветэрынарнай камісіі.
Неўзабаве беларуска, якая падпісала ліст за новыя выбары і супраць гвалту пасля жніўня 2020 года, паехала жыць у Польшчу. Каб пачаць спаборнічаць за гэтую краіну, Сафронавай прыйшлося адбываць двухгадовы каранцін. У 2023 годзе яна стала срэбнай медалісткай чэмпіянату Польшчы — гэта быў яе першы медаль пад сцягам новай краіны.
Сацсеткі выбухнулі пасля спрэчнага эпізоду на адкрыцці Алімпійскіх гульняў
Заваяваны першы залаты медаль Алімпіяды