У Махачкале паліцэйскія забілі «ветэрана вайны» ва Украіне
Паліцыя затрымала ў Махачкале Ахмеда Джабраілава, які вярнуўся з вайны супраць Украіны. У Савецкім РАУС яго білі электрашокерам і прымянялі да яго сілу — мужчына загінуў. Пра гэта распавёў дагестанскі дзеяч Шаміль Хадулаеў, пішуць «Важныя гісторыі».
27.07.2024 / 15:10
48-гадовага Джабраілава затрымалі яшчэ 9 ліпеня пасля скаргаў мясцовых жыхароў. Па іх словах, ён у непрытомнасці забраўся на дах дома, бегаў з нажом і не пазнаваў бацькоў. Да ўдзелу ў вайне баец быў некалькі разоў судзімы і ўжываў наркотыкі. Пасля вяртання з зоны баявых дзеянняў ён запіў.
Шаміль Хадулаеў апублікаваў відэа з камер назірання ў аддзеле паліцыі. На кадрах бачна, што каля 18:04 затрыманага завялі ў кабінет, з ім размаўлялі. Затым мужчына абмяк і споўз на падлогу. Каля 18:10 паліцэйскі стаў каленам на Джабраілава, яго трымалі чацвёра іншых сілавікоў. Яны таксама ўсталі на яго каленямі і наносілі ўдары электрашокерам.
Адзін з сілавікоў пачаў скакаць на мужчыне. Праз пяць хвілін катаванняў Джабраілаў перастаў падаваць прыкметы жыцця, яму выклікалі медыкаў.
«Гэтага хлопца СВАшніка <…> вольна ці міжволі, але забілі. <…> Якім трэба быць прыдуркам, каб каленямі ціснуць на яго, ды яшчэ будучы такім здаровым супрацоўнікам? Ён дрыгае нагамі, яму дрэнна, а іншы супрацоўнік яго электрашокерам «супакойвае». А дактары паўгадзіны пальчаткі адзяваюць замест тэрміновай дапамогі. Плявалі яны на хлопца», — напісаў у сваім тэлеграм-канале Шаміль Хадулаеў.