Гродзенцы сталі ў чарзе, каб перарэгістраваць аўто. ГУБАЗіК будзе разбірацца, хто «нагнятае сітуацыю»

У МУС паведамілі, што кіраўнік ведамства ўзяў пад асабісты кантроль сітуацыю ў Гродзенскай ДАІ, дзе беларусы сталі ў вялікую чаргу.

26.07.2024 / 13:43

Скрыншот відэа: МУС

У апошнія некалькі дзён каля рэгістрацыйнага падраздзялення ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама збіраюцца вялікія чэргі.

Кіроўцы імкнуцца хутчэй перааформіць аўтамабілі — гэта звязана з тым, што Польшча перастала пускаць машыны на беларускіх нумарах без уладальнікаў у салоне.

У МУС паведамілі, што кіраўнік ведамства Іван Кубракоў узяў сітуацыю пад асабісты кантроль. У дапамогу гродзенскім супрацоўнікам накіравалі работнікаў з Мінска, а працягласць працы рэгістрацыйнага падраздзялення павялічана — цяпер яно адкрыта з 7.00 да 17.00.

Акрамя таго, у МУС сцвярджаюць, што супрацоўнікі пераафармляюць аўто за суткі, хоць па законе яны могуць рабіць на працягу сямі дзён.

МУС таксама пагражае невядомым ГУБАЗіКам — Кубракоў даручыў упраўленню «ўстанавіць асоб, якія штучна нагнятаюць абстаноўку і ажыццяўляюць інфармацыйныя ўкіды, якія не адпавядаюць рэчаіснасці». Пра якія менавіта ўкіды ідзе гаворка, не тлумачыцца.

Нагадаем, Латвія і Эстонія забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю аўто з беларускімі нумарамі. Аналагічную забарону ўвяла і Літва, аднак да 16 жніўня машынам з уладальнікам усё яшчэ можна будзе ўязджаць у краіну. Польшча ад поўнай забароны пакуль адмовілася, але ўвяла такую ж меру — праз мяжу прапускаюць толькі беларускія аўто з уладальнікам у салоне.

Nashaniva.com