Беларуска знайшла чэк з крамы за 2022 год. Розніца ў цэнах уразіла
Дзяўчыну шакавала тое, за колькі сёння «Еўраопт» прапануе тыя ж самыя тавары.
27.07.2024 / 12:12
Скрыншот відэа з тыктоку і фота Contributor Getty Images
Пра гэта яна распавяла ва ўласным тыктоку. У 2022 годзе Ніна скарысталася «Е-дастаўкай», каб заказаць звычайныя прадукты. У профілі захаваўся той спіс са старымі цэнамі. Інтэрфейс сайта дазваляе зноў дадаць у кошык тыя ж прадукты, паказваючы, за колькі іх можна купіць цяпер. Аказалася — нашмат даражэй.
Цукар «Гарадзейскі цукар», 1 кг — быў 1,72 рубля, а стаў 2,69 рубля (+56.4%);
Аэразольны антыперспірант «Rexona», 150 мл — быў 4,89 рубля, стаў 8,63 рубля (+76.48%);
Замарожаныя парэзаныя шампіньёны «Gusto», 400 г — былі 2,56 рубля, сталі 5,15 рубля (+101.17%);
Замарожанае філе кураня-бройлера Халяль, 1 кг — было 11,16 рубля, стала 13,60 рубля (+21.86%);
Фарш «Курыны натуральны», 1 кг — быў 9,49 рубля, стаў 13,55 рубля (+42.78%);
Згушчанае малако з цукрам і кавай «Рагачоў», 380 г — было 3,32 рубля, стала 4,60 рубля (+38.55%);
Сыр паўцвёрды «Брэст-Літоўск», 45%, 150 г — быў 2,74 рубля, стаў 4,09 рубля (+49.27%);
Масла «Брэст-Літоўск», 82,5%, 180 г — было 3,53 рубля, стала 5,04 рубля (+42.78%);
Хлеб для сэндвічаў, 300 г — быў 1,51 рубля, стаў 1,74 рубля (+15.23%);
Алей «Слабада», 1 л — быў 4,68 рубля, стаў 5,54 рубля (+18.38%);
Ватныя дыскі «Clean life», 120 шт. — былі 1,89 рубля, сталі 3,29 рубля (+74.07%).
«Я ледзь не заплакала, калі пабачыла старыя цэны», — падзялілася дзяўчына.
У каментарах беларусы пачалі дзяліцца сваім болем ад таго, што грошы абясцэньваюцца, а заробкі не паспяваюць за інфляцыяй. Абурала і тое, што фактычная інфляцыя не адпавядае афіцыйнай:
па падліках Белстата, за апошнія 24 месяцы інфляцыя ў Беларусі складае 8,9%.
Але знайшліся і тыя, у каго заробак вырас з 800 да 1500 рублёў за два гады, а значыць, і рост цэнаў яны лічаць лагічным.
«Пасмяяліся ўсім Мінскам», — пішуць такім у адказ і збіраюць шмат лайкаў.