У дзень цырымоніі адкрыцця Алімпіяды ў Францыі адбыліся дыверсіі на чыгунцы

«Гэта маштабная атака з мэтай паралізаваць сетку TGV», — заявілі ў Нацыянальным чыгуначным аператары SNCF. У кампаніі заклікалі пасажыраў адкласці свае паездкі і трымацца далей ад вакзалаў.

26.07.2024 / 11:51

Ілюстрацыйнае фота: Francois Lochon / Gamma-Rapho via Getty Images

Сетка высакахуткасных чыгунак Францыі пацярпела ад дыверсій, уключаючы падпалы, якія парушылі працу транспартнай сістэмы за некалькі гадзін да цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Пра гэта агенцтву AFP заявілі ў Нацыянальным чыгуначным аператары SNCF у пятніцу, 26 ліпеня, паведамляе Deutsche Welle

«Гэта маштабная атака з мэтай паралізаваць сетку TGV», — заявіла SNCF, дадаўшы, што многія маршруты прыйдзецца адмяніць, а сітуацыя працягнецца «як мінімум усе выходныя, пакуль будуць праводзіцца рамонтныя работы».

«SNCF стаў ахвярай некалькіх адначасовых зламысных дзеянняў на працягу ночы», — адзначаецца ў заяве.

Атакі закранулі Атлантычную, Паўночную і Усходнюю лініі.

Паўднёва-ўсходняя лінія не пацярпела, так як «зламысны акт быў прадухілены. Цягнікі былі перанакіраваны на іншыя шляхі, але нам прыйдзецца адмяніць вялікую іх колькасць», — заявілі ў кампаніі.

Адмена цягнікоў закране каля 800 тысяч пасажыраў. SNCF заклікала пасажыраў адкласці свае паездкі і трымацца далей ад вакзалаў.

Тэракты былі здзейсненыя ў той момант, калі Парыж рыхтуецца да цырымоніі адкрыцця, у якой возьмуць удзел 7500 спартсменаў, 300 000 гледачоў і мноства VIP-персон.

Цырымонія адкрыцця, якое ўпершыню пройдзе ў выглядзе парада лодак на Сене, адбудзецца 26 ліпеня. Пачатак а 20:30 па мінскім часе.

Ізраіль папярэдзіў Францыю аб магчымым тэракце падчас Алімпіяды

Сёння ў Парыжы адкрываецца Алімпіяда. Ад Беларусі ўдзельнічае мінімальная колькасць спартоўцаў 

Nashaniva.com