«Байсол» збірае грошы для дзяцей палітвязняў перад школай — яшчэ можна падтрымаць

Служба «Хуткай гуманітарнай дапамогі» адкрыла збор для дзяцей палітвязняў, каб дапамагчы ім падрыхтавацца да школы і садка.

26.07.2024 / 10:25

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Многія семʼі палітвязняў адчуваюць фінансавыя цяжкасці: адзін або абое бацькоў знаходзяцца ў зняволенні і не могуць забяспечваць сваіх родных на волі. Некаторыя семʼі палітвязняў па іх вызваленні выехалі за мяжу і там маюць цяжкасці з адаптацыяй. 

На кожнае дзіцяці плануюць сабраць па 100 еўра.

Падтрымаць збор можна па спасылцы.

Традыцыйны збор сродкаў для дзяцей палітвязняў арганізаваны Службай «Хуткай гуманітарнай дапамогі», у якую ўваходзяць фонды «Байсол» і «Краіна для жыцця», грамадская кампанія «Байхэлп» і ініцыятыва Dissidentby, а таксама партнёры — Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой і Асацыяцыя беларусаў Амерыкі.

Калі вам трэба дапамога на збор дзіця ў школу, то па яе яшчэ можна звярнуцца. Такая магчымасць прадугледжана для членаў семʼяў палітвязняў, у якіх ёсць дзеці дашкольнага ўзросту, школьнікі 1-11 класаў, а хтосьці з бацькоў (або абое) знаходзяцца або знаходзіліся ў зняволенні.

Каб атрымаць дапамогу, трэба запоўніць заяўку да 31 жніўня 2024 года. Калі вы хвалюецеся за вашую бяспеку, то можаце звярнуцца ў любую з арганізацый «Службы хуткай гуманітарнай дапамогі» праз Telegram.

Па выніках папярэдняга «Дзіцячага збору», у распараджэнні службы «Хуткай гуманітарнай дапамогі» засталося 6842 еўра. Гэтыя грошы скіравалi на цяперашнюю акцыю.

Nashaniva.com